Прэм`ер-міністр Раман Галоўчанка на пленарным пасяджэнні форуму "Digital Almaty 2025. Industrial Al: тэхналогіі для новай эры" расказаў, па якіх напрамках у Беларусі ідзе развіццё ШІ.
"Першы і важнейшы - забеспячэнне сацыяльнай палітыкі дзяржавы. Тут асноўны ўпор робіцца на медыцыну, біятэхналогіі і фармакалогію, камп`ютарны скрынінг і малекулярнае мадэляванне, апрацоўку вялікіх аб`ёмаў медыцынскіх і генетычных даных, пошук новых лякарстваў, раннюю дыягностыку і папярэджанне цяжкіх захворванняў. Гэта тыя напрамкі, у якіх Беларусь дасягнула значных поспехаў", - адзначыў Раман Галоўчанка.
У сферы медыцыны ў якасці прыкладу ён прывёў разумныя біяметрычныя касцюмы для рэабілітацыі, мадэлі і алгарытмы штучнага інтэлекту для выяўлення лёгачных і іншых відаў анкалагічных захворванняў на раннім этапе. Рашэнні на базе штучнага інтэлекту інтэграваны і ў спартыўную сферу. Размова ідзе аб такіх распрацоўках групы беларускіх кампаній ПВТ, як камп`ютарны зрок, разумныя спартыўныя касцюмы, мадэлі па раннім выяўленні талентаў у галіне спорту ў дзяцей і падлеткаў.
"Другі напрамак прымянення штучнага інтэлекту - стандартызаваная вытворчасць і аўтаматызацыя руцінных працэсаў. Рашэнні на базе ШІ ўжо цяпер складнік унікальнай сельскагаспадарчай і горназдабыўной тэхнікі МТЗ, БЕЛАЗа, "Гомсельмаша". У сельскай гаспадарцы гэтыя машыны павялічваюць дзённую выпрацоўку больш як на 20 працэнтаў і скарачаюць страты ўраджаю на чвэрць", - расказаў прэм`ер-міністр.
Раман Галоўчанка звярнуў увагу, што ўкараненне штучнага інтэлекту ў тандэме з іншымі тэхналогіямі істотна аптымізуе вытворчыя працэсы. Так, адзін робататэхнічны комплекс на малочнай вытворчасці выводзіць з траўманебяспечнага ўчастка ад 4 да 20 работнікаў. Выкарыстанне штучнага інтэлекту для аптымізацыі лагістыкі ў харчовай прамысловасці скарачае час работы на 17 працэнтаў, гарантуе захаванне якасці прадуктаў харчавання.
Яшчэ адзін са стандартызаваных працэсаў - нарматворчасць. Тут таксама ШІ - незаменны памочнік. "Мы выкарыстоўваем яго для сістэматызацыі дакументаў, а пры распрацоўцы новага нарматыўнага акта - для выключэння дубліравання палажэнняў раней выдадзеных дакументаў. Менавіта так фарміруецца баланс пры выкарыстанні штучнага інтэлекту. На сённяшнім узроўні разумення тэхналогій яны павінны прымяняцца для стандартызаваных, строга рэгламентаваных працэсаў, але не для прыняцця складаных рашэнняў аб жыцці чалавека", - адзначыў Раман Галоўчанка.
Як паказваюць даследаванні, грамадзяне давяраюць новым тэхналогіям, штучнаму інтэлекту. "Надзеі на інавацыі звязаны не толькі з надзеямі на павышэнне ўзроўню жыцця. Людзі бачаць магчымасць такім чынам падтрымліваць нацыянальную ідэнтычнасць, развіваць культурныя традыцыі", - дадаў прэм`ер-міністр.
Сёння больш за 80 краін свету ўжо маюць нацыянальныя стратэгіі па штучным інтэлекце. Шэраг дзяржаў знаходзіцца ў працэсе фарміравання такіх заканадаўчых актаў.
"І выразна праглядаюцца два галоўныя падыходы да рэгулявання штучнага інтэлекту. Першы - усё забаронена, акрамя дазволенага. Другі - усё дазволена, акрамя забароненага. Больш адкрытая палітыка характэрна для краін, якія самі ствараюць інавацыі. Напрыклад, Кітай выкарыстоўвае падыход "усё дазволена", каб паскорыць развіццё тэхналогій. У той жа час Еўрапейскі саюз з больш строгімі законамі запавольвае ўкараненне новых рашэнняў. У выніку яго кампаніі часта рэлацыруюцца ў краіны з больш выгаднымі ўмовамі для стварэння інавацый", - звярнуў увагу Раман Галоўчанка.
31 студзеня 2025, Алматы
БЕЛТА
31 студзеня 2025, Алматы
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/1/76974
Текущая дата: 24.02.2025