Белорусский портал в Казахстане

Урад Беларусі разлічвае дамовіцца аб доўгатэрміновых кантрактах на пастаўку нафты, альтэрнатыўнай расійскай



Аб гэтым паведаміў 7 мая першы намеснік прэм`ер-міністра Дзмітрый Крутой.

"Па фінансавых умовах кожная пастаўка вельмі дасканала прапрацоўваецца. Спадзяюся, што калі мы вырашым усе тэхнічныя праблемы, то зможам з тых варыянтаў, якія ў нас сёння ёсць, выбраць найбольш аптымальныя і дамовіцца ўжо аб доўгатэрміновых кантрактах", - сказаў Дзмітрый Крутой.

Ён адзначыў, што ва ўмовах нізкай цаны на нафту страты Беларусі ад падатковага манеўру ў РФ у абсалютным выражэнні ўжо не такія вялікія, як пры кошце бараля $60.

"Але тым не менш тэма альтэрнатыўнай нафты па патрабаванні Прэзідэнта будзе пастаяннай у нашым нафтавым парадку дня. Работа з усімі краінамі, у якіх мы ўжо нафту купілі (азербайджанскую, нарвежскую), і нашымі новымі партнёрамі, такімі як Саудаўская Аравія і ЗША, будзе прадаўжацца. Безумоўна, будзем старацца дабівацца максімальна выгадных умоў гэтых паставак", - падкрэсліў ён.

Першы віцэ-прэм`ер звярнуў увагу, што спотавыя закупкі, якія ішлі на працягу чатырох месяцаў, па сваіх фінансавых, эканамічных, лагістычных умовах адрозніваюцца ад тых, якіх можна дабіцца ва ўмовах доўгатэрміновых кантрактаў. Акрамя таго, ёсць тэхнічны момант, звязаны з адаптацыяй нафтаперапрацоўчых заводаў да альтэрнатыўнай нафты з пункту гледжання яе характарыстык.

Адказваючы на пытанне аб пастаўках амерыканскай нафты, першы віцэ-прэм`ер пацвердзіў, што яны магчымы праз Польшчу. Ён звярнуў увагу: работа па альтэрнатыўных пастаўках вядзецца з усімі краінамі, у тым ліку з польскімі калегамі - на ўзроўні міністраў замежных спраў, міністраў фінансаў, "Белнафтахіма" і арганізацый у складзе канцэрна. Аднак, паводле яго слоў, кантактаваць на ўзроўні ведамстваў цяпер складаней з улікам каранавірусных абмежаванняў. "Думаю, калі каранцін будзе зняты ў Польшчы, гэта тэма пачне абмяркоўвацца больш актыўна", - адзначыў Дзмітрый Крутой.

Як паведамлялася, у гэтым годзе Беларусь закупляла для сваіх НПЗ нарвежскую і азербайджанскую нафту з перавалкай у партах Клайпеды і Адэсы адпаведна. 11 мая ў Клайпедскім порце чакаецца першая партыя нафты ад нацыянальнай нафтавай кампаніі Саудаўскай Аравіі Saudi Aramco - 80 тыс.т.

7 мая 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/100/53602
Текущая дата: 18.11.2024