Белорусский портал в Казахстане

Урон - велізарны



Расійскі бізнес ацаніў магчымыя страты ад нерабочага красавіка.

Для барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса ў Расіі нерабочыя дні прадоўжаны да 30 красавіка. РБК апытаў прадстаўнікоў расійскага бізнесу - у колькі ім абыдзецца амаль месяц выхадных, як яны плануюць выбудоўваць работу і ў якім стане будуць знаходзіцца да моманту іх заканчэння.

Так прэзідэнт грамадскай арганізацыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва "Апора Расіі" Аляксандр Калінін лічыць, што меры падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу неабходна значна пашырыць.

"Урон - велізарны. Прадпрыемствам неабходны будуць сродкі для выплаты зарплат супрацоўнікам - гэта пытанне трэба вырашаць разам з урадам. Магчыма, трэба ўвесці прамое субсідзіраванне прадпрыемстваў для выплат зарплат супрацоўнікам. Цяпер для такіх сектараў эканомікі, як прыватная ахова здароўя, гандаль нехарчовымі таварамі, будаўніцтва, вытворчасць, некамерцыйныя арганізацыі, няма мер падтрымкі, акрамя зніжэння стаўкі сацыяльных узносаў да 15 працэнтаў", - растлумачыў эксперт.

Сустаршыня "Дзелавой Расіі" (агульнарасійская грамадская арганізацыя, якая прадстаўляе інтарэсы прыватных несыравінных кампаній.) Антон Данілаў-Данільян упэўнены, што нерабочы красавік на бізнес вельмі моцна паўплывае, прыватнікі атрымаюць асноўны ўдар.

"Нам не кампенсуюць, як у многіх іншых краінах, затраты на зарплаты супрацоўнікам. Многія прадпрымальнікі, хто закрэдытаваны, пазбавяцца аб`ектаў нерухомай маёмасці, якія былі ў якасці залогу ў банкаў. Гэта ўжо зусім відавочна. Многія прадпрыемствы непазбежна абанкруцяцца, таму што ў такіх умовах прасцей абанкруціцца, чым працягваць каму-небудзь нешта плаціць і спрабаваць рабіць добры выгляд пры дрэннай гульні. Чым менш кампанія, тым больш шанцаў, што яна пойдзе з рынку", - Антон Данілаў-Данільян катэгарычны ў ацэнках.

Паводле яго прагнозу, калі красавік будзе нерабочым, то 20 працэнтаў прыватных прадпрыемстваў могуць не адкрыцца. Калі каранцін прадоўжыцца, то, магчыма, і ўсе 40 працэнтаў.

Праблемы бізнесу ў сваю чаргу немінуча паўплываюць на банкі, якія крэдытуюць прадпрымальнікаў. Прычым зноў жа пад асноўным ударам недзяржаўныя фінустановы. Прэзідэнт Асацыяцыі расійскіх банкаў Гарэгін Тасунян паведаміў, што "пачынаюць узнікаць праблемы з абслугоўваннем існуючых крэдытаў і абслугоўваннем укладаў. Важна, каб Банк Расіі не рабіў прэферэнцыі буйнейшым банкам з дзяржудзелам, каб гэта былі меры па падтрымцы ўсёй сістэмы".

Нагадаем, што расійскі Інстытут праблем натуральных манаполій ацаніў спад прамысловай вытворчасці ў Расіі ў сакавіку ў памеры 1,2 працэнта. Найбольш паказальнымі для ацэнкі ўплыву каранавіруса на эканоміку, на думку аналітыкаў інстытута, стануць красавік і май.

4 красавіка 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/104/52445
Текущая дата: 18.11.2024