Белорусский портал в Казахстане

Дэкларацыя аб стратэгічным эканамічным супрацоўніцтве краін СНД прынята ў Ашхабадзе



Дэкларацыя аб стратэгічным эканамічным супрацоўніцтве краін СНД прынята ў Ашхабадзе на саміце Садружнасці, удзел у якім прыняла беларуская дэлегацыя на чале з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам.

Дакумент фарміруе ўзгоднены падыход да рэалізацыі эканамічных інтарэсаў Садружнасці і кожнай з дзяржаў СНД. Дэкларацыя накіравана на стварэнне эфектыўных механізмаў партнёрства, якія дадуць магчымасць удасканальваць развіццё эканамічных сувязей як у Садружнасці, так і ва ўзаемадзеянні з іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Як расказаў напярэдадні старшыня Выканаўчага камітэта - выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў, дэкларацыя распрацавана з улікам працэсаў лічбавізацыі. Ініцыятыва аб падрыхтоўцы дэкларацыі і яе падпісанні раней была вылучана Прэзідэнтам Туркменістана.

"Яна адразу ж атрымала падтрымку дзяржаў СНД. На працягу двух гадоў вялася карпатлівая работа па ўзгадненні тэксту дэкларацыі", - адзначыў Сяргей Лебедзеў.

Адказваючы на пытанне, чаму ўзнікла неабходнасць у такім дакуменце, нягледзячы на і так актыўнае эканамічнае ўзаемадзеянне ўдзельнікаў Садружнасці, выканаўчы сакратар СНД сказаў: "Праходзіць час, і многія дакументы, якія рэгламентуюць нашы эканамічныя ўзаемаадносіны, паступова становяцца ўстарэлымі. З`яўляюцца новыя моманты ў міжнародным жыцці, эканамічных узаемаадносінах. І гэта дэкларацыя якраз актуалізавала нашы патрэбнасці ў развіцці эканамічных сувязей. Туды прыцягнуты новыя элементы. У прыватнасці, з`явіўся такі тэрмін, як лічбавізацыя, укараненне лічбавай эканомікі".

Такім чынам, у праекце дэкларацыі змешчаны палажэнні, актуальныя для эканамічных узаемаадносін дзяржаў Садружнасці.

"Яна атрымала падтрымку ва ўсіх краінах СНД. Сумесна была ўзгоднена і распрацавана. Прадстаўнікі дзяржаў дапоўнілі яе сваімі прапановамі. Мы спадзяёмся, што гэты важны і грунтоўны дакумент будзе рэгламентаваць напрамкі дзейнасці ў эканамічным узаемадзеянні на бліжэйшыя гады", - дадаў Сяргей Лебедзеў.

11 кастрычніка 2019, Ашхабад
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/115/50281
Текущая дата: 18.11.2024