Белорусский портал в Казахстане

Каля $40 млн замежных інвестыцый прыцягнута ў Беларусь для будаўніцтва буйнейшага ў краіне ветрапарку



Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

"Беларусь яшчэ на крок наблізілася да будаўніцтва буйнейшага ў краіне ветрапарку і дасягнення мэты па ўкараненні аднаўляльных крыніц энергіі да 2030 года. Для інвесціравання ў будаўніцтва ветраэлектрастанцыі магутнасцю 25 МВт паблізу вёскі Веляшковічы (Лёзненскі раён Віцебскай вобласці) была выбрана турэцкая будаўнічая кампанія "Гурыш" (Gurish Construction & Engineering Co. Inc.). Яна з`яўляецца сусветна вядомым распрацоўшчыкам экалагічна чыстых інжынерных рашэнняў", - сказалі ў прэс-службе.

Дагавор продажу перадынвестыцыйнага актыву быў падпісаны 30 жніўня. Ён узгоднены з Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі.

"Дзякуючы праекту ў Беларусь прыходзяць прамыя інвестыцыі, накіраваныя на развіццё зялёнай эканомікі і аднаўляльных крыніц энергіі. Ветрапаркі зробяць наша навакольнае асяроддзе чысцейшым і пасадзейнічаюць паляпшэнню якасці жыцця мясцовага насельніцтва", - адзначыў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут.

Работы плануецца пачаць у 2020 годзе, пасля таго як інвестар распрацуе падрабязную праектную дакументацыю. Пасля завяршэння будаўніцтва ветраэлектрастанцыя "Веляшковічы" стане буйнейшай у Беларусі і будзе пастаўляць экалагічна чыстую энергію больш як 20 тыс. дамашніх гаспадарак у гэтым раёне.

Чакаецца, што эксплуатацыя ветрапарку на працягу наступных 20 гадоў дазволіць скараціць выкіды вуглякіслага газу больш як на 500 тыс. т.

"Чакаецца, што на працягу наступных двух дзесяцігоддзяў глабальнае энергаспажыванне павялічыцца на 30 працэнтаў. У той жа час агульная доля аднаўляльных крыніц у сусветным энергетычным сектары да 2050 года павялічыцца да 44 працэнтаў, у асноўным дзякуючы росту ў сонечнай, ветравой і гідраэнергетыцы. Цяперашнія тэмпы развіцця аднаўляльных крыніц энергіі ў Беларусі даволі марудныя. На пачатак 2019 года доля такіх крыніц на энергетычным рынку краіны складала 6,2 працэнта. Цяпер па ўсёй рэспубліцы працуюць 96 ветратурбін агульнай магутнасцю 100,95 МВт", - расказалі ў прэс-службе.

Праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Устараненне бар`ераў для развіцця ветраэнергетыкі ў Рэспубліцы Беларусь" рэалізуецца Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пры падтрымцы ПРААН і Глабальнага экалагічнага фонду.

Адна з асноўных мэт праекта - зніжэнне рызык інвестыцый у развіццё ветраэнергетыкі і падрыхтоўка перадынвестыцыйных актываў для будаўніцтва ветраэнергетычных аб`ектаў у Беларусі.

Праект уключае выбар патэнцыяльных пляцовак для размяшчэння ветраэлектрастанцый, атрыманне неабходных дазволаў, распрацоўку патрэбных тэхнічных умоў і кваліфікацыйных крытэрыяў, а таксама правядзенне тэхніка-эканамічнага абгрунтавання і ветравымярэнняў.

10 верасня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/118/49719
Текущая дата: 18.11.2024