Белорусский портал в Казахстане

Першы форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана пройдзе ў Мінску 29-30 ліпеня



I Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана пройдзе ў Мінску 29-30 ліпеня. Ён адбудзецца ў час афіцыйнага візіту ў Беларусь Прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева, паведамілі ў прэс-службе Савета Рэспублікі.

Удзел у форуме прымуць прадстаўнікі рэгіёнаў, міністэрстваў і ведамстваў, парламентарыі, дзелавыя колы дзвюх краін.

Дэлегацыю Узбекістана ўзначаліць першы намеснік старшыні Сената Олій Мажліса Садык Сафаеў. З узбекскага боку будуць прадстаўлены Андыжанская, Бухарская, Джызакская, Наманганская, Самаркандская, Харэзмская, Ферганская і Ташкенцкая вобласці.

"Праграмай форуму прадугледжаны тры секцыі: па пытаннях прамысловай кааперацыі, аграпрамысловага комплексу, а таксама ўзаемадзеяння ў гуманітарнай, інфармацыйна-камунікацыйнай і навуковай сферах. Галоўнай тэмай пленарнага пасяджэння стане супрацоўніцтва рэгіёнаў як ключавы фактар развіцця міждзяржаўных адносін", - расказалі ў прэс-службе верхняй палаты беларускага парламента.

Чакаецца, што на пляцоўках форуму будуць падпісаны амаль 15 міжрэгіянальных пагадненняў аб супрацоўніцтве, а таксама камерцыйныя кантракты. Госці і ўдзельнікі форуму змогуць азнаёміцца з выстаўкай-кірмашом узбекскіх тавараў. Тэматычныя выстаўкі будуць працаваць і на секцыях.

Акрамя таго, у дні форуму ў Мінску адкрыюць помнік-бюст узбекскаму паэту Алішэру Наваі.

Тавараабарот паміж Беларуссю і Узбекістанам у 2018 годзе вырас на 20 працэнтаў у параўнанні з 2017-м і склаў $157 млн.

23 ліпеня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/123/48896
Текущая дата: 18.11.2024