Белорусский портал в Казахстане

"Трэба біцца за свае рынкі" - Лукашэнка незадаволены эфектыўнасцю продажаў беларускіх тавараў за мяжой



Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 чэрвеня на нарадзе па пытаннях мадэрнізацыі беларускіх НПЗ і павышэння эфектыўнасці экспартных продажаў нафтапрадуктаў выказаў нездавальненне эфектыўнасцю продажаў беларускіх тавараў за мяжой.

Кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад адзін з выпадкаў ва Украіне. Знаходзячыся з візітам у гэтай краіне, ён пацікавіўся, наколькі папулярныя тут беларускія нафтапрадукты. Аказалася, што мясцовыя кіроўцы незадаволены адсутнасцю на рынку паліва з Беларусі.

"Прадукт якасны, але, як заўсёды, кульгаюць продажы. Трэба навучыцца гандляваць сваім прадуктам. Трэба біцца, змагацца за свае рынкі, утрымліваць іх і эфектыўна прадаваць той прадукт, які мы вырабляем. У прыватнасці нафтапрадукты. Але такая бяда і па іншых таварах, якія мы вырабляем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што з моманту апошняй нарады, дзе абмяркоўвалася сітуацыя з мадэрнізацыяй НПЗ і нафтаперапрацоўкай у цэлым, мінула два гады.

"Гэта было ініцыявана вамі - спецыялістамі і кіраўнікамі нафтаперапрацоўчай галіны", - адзначыў ён. Прыкладна столькі ж часу мінула і з моманту назначэння новых кіраўнікоў "Нафтана" і Мазырскага НПЗ, дзе Прэзідэнт таксама плануе пабываць у бягучым годзе.

"Пры назначэнні мы прадметна і дасканала вывучылі ўсе аспекты стабільнай работы галіны, вызначылі напрамкі, задачы і тэрміны. Асабліва востра стаялі пытанні забеспячэння фінансавання мадэрнізацыі. Гэтыя праблемы сёння вырашаны на адным і на другім заводзе. Усё астатняе залежыць ад кіраўніцтва гэтых прадпрыемстваў, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Усё, аб чым урад і кіраўнікі НПЗ прасілі ў мяне для завяршэння мадэрнізацыі, было падтрымана на 100 працэнтаў. Гэта сведчыць аб важнасці той работы, якую мы праводзім".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: гаварыць аб тым, што суверэнітэт і незалежнасць Беларусі залежаць непасрэдна ад нафтаперапрацоўчых заводаў, нельга. Аднак эфектыўная работа гэтых прадпрыемстваў - адзін з даволі сур`ёзных фактараў стабільнасці эканомікі краіны. "Няма эканомікі - няма дзяржавы", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

7 чэрвеня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/127/48289
Текущая дата: 19.11.2024