Белорусский портал в Казахстане

У ЕЭК разлічваюць на падпісанне пагаднення аб пенсійным забеспячэнні ў ЕАЭС у 2019 годзе



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) са спасылкай на члена Калегіі (міністра) па эканоміцы і фінансавай палітыцы ЕЭК Цімура Жаксылыкава.

Пагадненне аб пенсійным забеспячэнні ў Еўразійскім эканамічным саюзе намечана заключыць у 2019 годзе.

"Работа над пагадненнем вядзецца некалькі гадоў, у снежні 2018 года завяршылася ўнутрыдзяржаўнае ўзгадненне дакумента, - адзначыў Цімур Жаксылыкаў. - У бліжэйшы час яго плануецца накіраваць у краіны саюза для правядзення ўнутрыдзяржаўных працэдур, неабходных для падпісання. Мы спадзяёмся, што ўжо ў 2019 годзе дакумент будзе падпісаны".

Цяпер пенсійныя сістэмы ў дзяржавах працуюць па-рознаму. "Адрозніваюцца іх мадэлі, умовы ўзнікнення права на пенсію (пенсійны ўзрост, стаж, індывідуальны пенсійны каэфіцыент), а таксама памеры і крыніцы адлічэнняў, - канстатавалі ў ЕЭК. - Акрамя таго, не ва ўсіх краінах саюза фарміруюцца пенсійныя правы працоўных з ЕАЭС. У выніку грамадзяне, якія працавалі ў іншых краінах саюза, страчваюць частку сваёй пенсіі".

Пагадненне прадугледжвае, што пенсійнае забеспячэнне працоўных будзе ажыццяўляцца на роўных умовах, незалежна ад таго, у якой краіне саюза яны працавалі. Прадугледжваецца, што кожная дзяржава будзе плаціць за перыяды стажу работы на сваёй тэрыторыі.

Цімур Жаксылыкаў дадаў, што пагадненне дасць магчымасць вырашыць пытанне экспарту пенсій і ўліку стажу работы ў іншай дзяржаве ЕАЭС. "Дакумент будзе садзейнічаць павышэнню ўзроўню сацыяльнай абароненасці грамадзян саюза", - рэзюмавалі ў ЕЭК.

1 сакавіка 2019, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/134/46981
Текущая дата: 19.11.2024