Белорусский портал в Казахстане

Тавараабарот Беларускай універсальнай таварнай біржы ў студзені—лістападзе павялічыўся амаль на 40%, да 4 млрд рублёў



Пра гэта паведамілі ў прэс-службе біржы.

У студзені—лістападзе гэтага года на гандлёвых пляцоўках ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" (БУТБ) заключана больш як 336 тыс. здзелак на агульную суму 3,9 млрд рублёў, што на 39% больш за леташні паказчык.

, найбольшую ўдзельную вагу ў біржавым тавараабароце забяспечыла секцыя лесапрадукцыі, сума здзелак у якой дасягнула 1,6 млрд рублёў (на 51% больш да аналагічнага перыяду 2017 года). У прыватнасці, продаж круглага лесу на ўнутраным рынку вырас на 44%, да 692 млн рублёў, а экспарт піламатэрыялаў — на 76%, да 491 млн. Гэтыя дзве пазіцыі забяспечылі 74,4% ад усяго абароту па секцыі.

Іншыя групы тавараў таксама прадэманстравалі станоўчую дынаміку. Так, аб`ём рэалізацыі паслуг па нарыхтоўцы драўніны вырас у 2,3 разу, да 80 млн рублёў, продаж паперы для патрэб айчынных прадпрыемстваў дабавіў 20%, склаўшы 30 млн, а экспарт дранкі павялічыўся ў 4 разы, дасягнуўшы 260 млн. Акрамя гэтага, попытам у беларускіх спажыўцоў карысталіся піламатэрыялы, а ў замежных — паліўныя брыкеты і гранулы. Першых было рэалізавана на 15 млн рублёў (плюс 36%), а другіх — амаль на 6 млн (у 585 разоў больш, чым у папярэднім годзе).

Секцыя металапрадукцыі, якая доўгі час лідзіравала па суме біржавых здзелак, па выніках 11 месяцаў гэтага года саступіла лясному таварнаму кірунку, завяршыўшы перыяд з паказчыкам 1,2 млрд рублёў пры тэмпе росту 20%. Вялікая доля здзелак у вартасным выражэнні традыцыйна прыйшлася на чорныя металы і вырабы з іх. З пачатку года беларускія прадпрыемствы закупілі гэтай прадукцыі на 930 млн рублёў, перасягнуўшы на 19% вынік 2017 года. Другое месца па тавараабароце заняў вугаль. Сума імпартных здзелак з гэтай таварнай пазіцыяй дасягнула 122 млн, што на 75% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. На трэцім месцы размясцілася электратэхнічная прадукцыя, якая пастаўляецца на ўнутраны рынак, з аб`ёмам рэалізацыі 64 млн, а гэта на 5% менш за паказчык студзеня—лістапада 2017 года. Акрамя таго, на 18%, да 62 млн рублёў, павялічылася рэалізацыя каляровых металаў і вырабаў з іх унутры краіны. Ідэнтычную дынаміку прадэманстраваў і продаж коксу — плюс 18% да мінулага года, або 20 млн рублёў.

Аб`ём па секцыі сельгаспрадукцыі па выніках студзеня—лістапада 2018 года дасягнуў 758 млн рублёў, дадаўшы 45% да выніку мінулага года. Асноўнымі драйверамі росту сталі такія запатрабаваныя на ўнутраным рынку пазіцыі, як шрот алейных (277 млн, або плюс 32% да мінулага года), збожжавыя і кармавыя дабаўкі (133 млн, або плюс 11% да мінулага года), а таксама сухое малако (106 млн, або амаль у 19 разоў больш) і мяса (36 млн, або ў 3 разы больш).

Як адзначыла прэс-служба, "узыходзячы трэнд быў характэрны і для шэрагу іншых таварных пазіцый". Напрыклад, пастаўкі сметанковага масла на ўнутраны рынак павялічыліся ў вартасным выражэнні ў 9,8 разу, да 23 млн рублёў, а сычужных сыроў — у 4 разы, да 43 млн. Акрамя таго, зафіксаваны прыкметны рост продажу мяса на экспарт. Сума здзелак па гэтай пазіцыі склала каля 17 млн рублёў, гэта значыць на 47% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Станоўчая дынаміка назіралася таксама па жытняй і пшанічнай муцэ, аб`ёмы рэалізацыі якой замежным пакупнікам выраслі ў 3 разы, да 7,5 млн рублёў.

Уклад у агульнабіржавы абарот секцыі прамысловых і спажывецкіх тавараў склаў 364 млн рублёў, дадаўшы 50% у параўнанні з мінулым годам. Найбольшы аб`ём здзелак зафіксаваны з будматэрыяламі, абсталяваннем і камплектуючымі.

Па стане на 1 снежня на БУТБ акрэдытавана 20.290 кампаній, уключаючы 4.087 нерэзідэнтаў з 60 краін.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 6 снежня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/140/45883
Текущая дата: 18.11.2024