Пра гэта міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў у інтэрв`ю тэлеканалу Euronews.
"Украінскія ўлады нарабілі шмат памылак у мінулым, у выніку якіх там склалася такая сітуацыя. Мы не баімся рэалізацыі "ўкраінскага сцэнара" ў Беларусі. Мы некалькі адрозніваемся ад украінцаў і ніколі не дапусцім той сітуацыі, якая мела месца ва Украіне", — сказаў Макей.
На просьбу Euronews удакладніць, што ён мае на ўвазе, кажучы, што ніколі не будзе дапушчана такой сітуацыі, Макей сказаў: "У нас добрыя адносіны з Расіяй. Калі ўзнікаюць якія-небудзь праблемы, мы адкрыта абмяркоўваем іх з расійскімі партнёрамі. Спрабуем знайсці палітычныя, а не ваенныя рашэнні гэтых праблем. Не думаю, што Расія хацела б арганізаваць у Беларусі нешта падобнае да "ўкраінскага сцэнара", што яны захочуць так паступіць. Гэта не ў іх інтарэсах. Мне ўяўляецца абсурдным нават абмеркаванне гэтых гіпатэтычных рэчаў".
Пры гэтым ён адзначыў, што "часам у нас узнікаюць пэўныя праблемы ў эканамічным супрацоўніцтве з расійскімі партнёрамі", але "часцяком гэтыя праблемы з`яўляюцца штучнымі".
"Мы хацелі б пазбавіцца ад залежнасці ад адной краіны. У нас ёсць імкненне дыверсіфікаваць адносіны, у тым ліку за кошт развіцця сувязяў з Еўрапейскім саюзам і астатнім светам. Гэта асабліва важна ў крытычных сітуацыях, напрыклад падчас сусветнага фінансавага крызісу", — дадаў кіраўнік беларускага МЗС.
"Для дзяржавы важна мець так званую "падушку бяспекі". Гэта азначае — падтрымліваць збалансаваныя адносіны з рознымі дзяржавамі, якія дазваляюць пазбегнуць залежнасці ад адной краіны. Мы працуем над гэтым. Няхай павольна, але рухаемся да дасягнення гэтай мэты", — адзначыў Макей.
"Вядома, мы ўсё яшчэ залежым ад Расіі. Амаль 48% нашага гандлю прыпадае на Расію, 26% — на ЕС, 26% — на астатні свет. Але ў мінулым гэта былі зусім іншыя лічбы. Сёння сітуацыя мяняецца. Мы паляпшаем гэтыя паказчыкі і усё бліжэй да мэты дыверсіфікацыі эканомікі. Але і надалей будзем працаваць над стварэннем добрых, нармальных эканамічных адносін з еўрапейскімі і іншымі краінамі свету", — падсумаваў кіраўнік МЗС.
Тэкст інтэрв`ю размешчаны на сайце беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 7 красавіка 2018
Мінск, 7 красавіка 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/156/43069
Текущая дата: 18.11.2024