Белорусский портал в Казахстане

Расейскія фондавыя рынкі перажылі рэкордны абвал за 4 гады пасьля новых санкцыяў ЗША



Удзень 9 красавіка на расейскіх фондавых рынках адбылася хуткае падзеньне цэнаў на акцыі кампаніяў — як піша Bloomberg, гэта найбольшае разавае падзеньне за чатыры гады.

Так, індэкс Маскоўскай фондавай біржы ўпаў на момант публікацыі на 7% (каля 13-й гадзіны дня быў мінімум, цяпер крыху павялічыўся), кампанія RUSAL патаньнела на 25,33% (на біржы ў Ганконгу — на ўсе 50%), «Норильский никель» – на 14,18%, «Сбербанк» – на 12,57%. Фондавы індэкс RTSI абваліўся на 9,55%. Таксама зьніжаецца курс расейскага рубля да эўра і даляра.

Падзеньне на Маскоўскай біржы называюць самым хуткім з сакавіка 2014 году — з часоў анэксіі ўкраінскага Крыму і першай пагрозы маштабных санкцыяў за гэта. Цяперашняе падзеньне зьвязваюць зь нядаўнім «дапаўненьнем» санкцыяў ЗША супраць расейскага бізнэсу.

«Кампанія [Rusal] ацэньвае, што санкцыі Ўпраўленьня кантролю за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША могуць прывесьці да тэхнічнага дэфолту ў сувязі з пэўнымі крэдытнымі абавязаньнямі групы, — гаворыцца ў паведамленьні Rusal. — Цяпер мы ацэньваем верагодны ўплыў такіх тэхнічных дэфолтаў на фінансавае становішча. Кампанія падтрымлівае ўсе крэдытныя і фінансавыя абавязаньні, уключна з пагашэньнем доўгу. Мы працягнем сваю дзейнасьць у адпаведнасьці з прававымі і нарматыўнымі патрабаваньнямі».

Прынцыповае адрозьненьне новага пакету амэрыканскіх санкцый супраць Расеі палягае ў тым, што Вашынгтон упершыню ўнёс у чорны сьпіс прыватныя кампаніі. Абмежаваньні супраць мільярдэра Алега Дзерыпаскі і падкантрольных яму актываў сталіся настолькі шырокімі, што паўстае пытаньне наконт пэрспэктыў выжываньня ягонай бізнэс-імпэрыі.

Радыё Свабода, 9 красавіка 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/156/43099
Текущая дата: 18.11.2024