Белорусский портал в Казахстане

Плюс 9% за суткі. Біткойн каштуе ўжо амаль 18 тысяч даляраў



У пятніцу 15 сьнежня бікойн на біржы Bitstamp каштаваў амаль 18 тысяч даляраў, падаражэўшы на 9 працэнтаў за дзень.

З пачатку году цана гэтай крынтавалюты вырасла больш чым 1700 працэнтаў, перадае Reuters.

Біткойн падняўся амаль на 80 працэнтаў толькі ў сьнежні. У пятніцу 15 сьнежня ён дасягнуў $ 17900 на люксэмбургскай біржы Bitstamp.

Паводле парталу СoinDesk, яшчэ 28 лістапада за 1 біткойн давалі крыху больш як 9956 даляраў.

На пачатак году курс біткойна складаў усяго 998 даляраў.

Як працуе біткойн. Простымі словамі

Самая папулярная ў сьвеце крыптавалюта — біткойн. На момант публікацыі за 1 біткойн прапануюць амаль 18 тысяч даляраў.

Біткойн, як і іншыя крыптавалюты, ня маюць купюраў ці манэтаў, як рэальныя, і не кантралююцца цэнтральнымі банкамі.

Гэтая сыстэма дазваляе ананімна абменьвацца ўмоўнымі віртуальнымі адзінкамі (і абменьваць іх на тавары ці рэальныя грошы). Кожны можа праверыць, якія апэрацыі праводзіліся, але ня можа спраўдзіць, між кім: вядомыя псэўданімы адпраўніка і прымальніка віртуальных грошай, але ня іх рэальныя асобы.

Курс крыптавалютаў вызначаецца толькі тым, колькі самі людзі гатовыя аддаць рэальных грошай за адзінку крыптавалюты.

Зьвесткі пра апэрацыі перадаюцца ланцужком шыфраваных кавалкаў — блёкамі. Пры гэтым кожны блёк зьмяшчае інфармацыю пра папярэдні. Працу крыптавалютаў забясьпечваюць самі карыстальнікі: даюць вылічальныя магутнасьці сваіх кампутараў (усё часьцей — адмысловых вылічальных «фэрмаў» з магутных кампутараў) для апрацоўкі пераводаў грошай праз інтэрнэт з дапамогай спэцыяльных праграмаў, за што самі атрымліваюць «плату» ў адзінках віртуальнай валюты. Гэта завецца «майнінгам» — здабычай крыптавалюты праз забесьпячэньне яе існаваньня.

Калі перастане працаваць адзін з кампутараў сыстэмы, або нават калі ад сыстэмы адключыцца цэлы кантынэнт, яна працягне працаваць, ня страціўшы зьвестак пра ранейшыя і бягучыя пераводы грошай.

«Забіць» крыптавалюту могуць толькі яе «здабытчыкі», калі перастануць даваць ёй вылічальныя магутнасьці ў дастатковым аб’ёме.

Прававы статус крыптавалютаў няпэўны. Ён вельмі розьніцца па краінах сьвету, але большасьць краінаў не забараняе карыстацца імі. Дзе-нідзе ўжо можна расплаціцца крыптавалютай ня толькі ў віртуальных, але і ў рэальных крамах. Але часта крыптавалюта (праз магчымасьць захаваць ананімнасьць) выкарыстоўваецца для гандлю незаконнымі таварамі і паслугамі — напрыклад, зброяй ці наркотыкамі.

Радыё Свабода, 16 сьнежня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/163/41640
Текущая дата: 18.11.2024