Белорусский портал в Казахстане

Сістэма кантролю якасці беларускай сельгаспрадукцыі выбудавана на ўсіх этапах



Пра гэта паведаміў 15 лістапада на прэс-канферэнцыі міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц.

"У нас у Беларусі вядомы выпадкі, каб айчынны прадукт стаў небяспечны? Не. Такога няма, таму што ў нас выбудавана сістэма кантролю (якасці.) ад уваходнай сыравіны да перапрацоўкі, захоўвання і пры адгрузцы. У гэтым задзейнічаны ўсе акрэдытаваныя лабараторыі з сучасным абсталяваннем. Людзі, якія ставяць свае подпісы, ставяць пячаці, персанальна нясуць адказнасць за бяспеку прадукту", - падкрэсліў міністр.

Каментуючы ўзнікшую напярэдадні інфармацыю аб тым, што Расія можа забараніць пастаўкі беларускай свініны з-за выяўлення ў свінагадоўчай прадукцыі небяспечных рэчываў, Леанід Заяц адзначыў, што ў гэтым выпадку трэба разбірацца.

"Я не гатовы цяпер штосьці галаслоўна заяўляць - неабходна разабрацца. Але трэба ўлічыць, што ўсе гэтыя ўзоры адбіраюцца на тэрыторыі Расіі ў аднабаковым парадку. І ў аднабаковым парадку адбываецца іх даследаванне ў тых лабараторыях, якія належаць Расіі. Вельмі цяжка даказваць перавагі свайго тавару, калі ўзоры адбірацца і даследуюцца на той тэрыторыі, на якой купляюць прадукцыю. Калі б гэта былі незалежныя лабараторыі - тады зразумела. Так было б, напэўна, больш справядліва", - заявіў ён.

Міністр адзначыў, што ёсць шмат спосабаў не пусціць тавар на рынак.



"Напрыклад, Еўропа абараніла сваіх вытворцаў - узняла пошліны. І як туды цяпер зайсці? Хто наш сыр будзе купляць у 2 разы даражэйшы? Не хацелася б, каб мы (з Расіяй.) на такіх пачатках будавалі свае гандлёва-эканамічныя адносіны, паколькі, згодна з дамоўленасцямі, у ЕАЭС павінна быць бесперашкоднае прасоўванне тавараў і рабочай сілы", - рэзюмаваў Леанід Заяц.

Закраналася таксама тэма інфармацыйнага ўзаемадзеяння з Рассельгаснаглядам і работы з расійскай інфармацыйнай сістэмай "Меркурый".

"Што датычыцца работы з "Меркурыем", павінен адзначыць, што мы цесна працуем з расійскім бокам, у нас створана рабочая група па падрыхтоўцы спецыялістаў. Упэўнены, што мы будзем працаваць у гармоніі з Рассельгаснаглядам, аб`ектыўна і празрыста прадстаўляць тую інфармацыю, у якой ён мае патрэбу", - канстатаваў міністр.

15 лістапада 2017, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/165/41132
Текущая дата: 18.11.2024