Белорусский портал в Казахстане

За сем месяцаў пастаўлена на экспарт прадукцыі машынабудавання на 2,9 млрд долараў



Пра гэта паведамляе Белстат.

За сем месяцаў 2017 года пастаўлена на экспарт прадукцыі машынабудавання на 2 млрд 931 млн долараў ЗША, або на 30% больш, чым у студзені—ліпені 2016 года, гаворыцца ў аглядзе Нацыянальнага статыстычнага камітэта, прысвечаным Дню машынабудаўніка, які адзначаецца ў гэтым годзе 24 верасня .

Істотна павялічыўся экспарт у натуральным выражэнні трансфарматараў электрычных (у 2,4 разу), седлавых цягачоў (у 1,8 разу), дарожнай і будаўнічай тэхнікі (у 1,7 разу), аўтамабіляў спецыяльнага прызначэння (у 1,6 разу), грузавых аўтамабіляў (на 39%), трактароў (на 18,3%).

У студзені—ліпені гэтага года прадукцыя пастаўлялася на рынкі 126 краін (за аналагічны перыяд мінулага года — 122).

Машынабудаўнічы комплекс рэспублікі прадстаўляюць больш за 265 буйных і сярэдніх арганізацый, у іх працуюць 185 тыс. чалавек.

Беларускія прадпрыемствы спецыялізуюцца на выпуску грузавых аўтамабіляў, кар`ерных самазвалаў, аўтобусаў, тралейбусаў, дарожнай і будаўнічай тэхнікі. Беларусь таксама з`яўляецца найбуйнейшым вытворцам сельскагаспадарчых машын: трактароў, камбайнаў, розных відаў кормаўборачнай тэхнікі і агрэгатаў. Важнае месца ў прамысловай вытворчасці займае выпуск бытавой тэхнікі: тэлевізараў, халадзільнікаў і маразільнікаў, пральных машын і мікрахвалевых печаў, электрычных і газавых пліт.

У студзені—жніўні гэтага года ў рэспубліцы выраблена прадукцыі машынабудавання на 8 млрд рублёў.

Доля чатырох ключавых кампанентаў машынабудавання (вытворчасць машын і абсталявання; вытворчасць транспартных сродкаў і абсталявання; вытворчасць вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры; вытворчасць электраабсталявання) склала 15,5% ад агульнага аб`ёму выпуску ў апрацоўчай прамысловасці.

Найбольшую ўдзельную вагу ў вытворчасці прадукцыі машынабудавання (амаль 50%) займае прадукцыя прадпрыемстваў па вытворчасці машын і абсталявання, не ўключаных у іншыя групоўкі.

У студзені—жніўні 2017 года аб`ём вытворчасці машын і абсталявання, не ўключаных у іншыя групоўкі, склаў 3 млрд 824,2 млн рублёў, што ў супастаўных цэнах на 23% больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года.

Арганізацыямі рэспублікі выраблена вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры на 932,5 млн рублёў (на 1% больш).

Аб`ём вытворчасці электраабсталявання ў студзені—жніўні гэтага года склаў 1 млрд 555,7 млн рублёў і ў параўнанні з аналагічным перыядам 2016 года павялічыўся ў супастаўных цэнах на 4,4%.

Транспартных сродкаў і абсталявання выраблена на 1 млрд 678,5 млн рублёў (на ўзроўні аналагічнага перыяду 2016 года).

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 24 верасня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/167/40825
Текущая дата: 18.11.2024