Валавы ўнутраны прадукт у Беларусі ў студзені—ліпені, згодна з першай ацэнкай Белстата, вырас у параўнанні з аналагічным перыядам 2016 года на 1,1%.
У бягучых цэнах ВУП склаў 56,7 млрд рублёў. Індэкс-дэфлятар ВУП у студзені—ліпені 2017 года ў дачыненні да аналагічнага перыяду папярэдняга года склаў 107,3%.
У першым квартале ВУП павялічыўся на 0,3%, за пяць месяцаў прырост складаў 0,9%, за паўгоддзе — 1%.
У 2017 годзе запланаваны рост ВУП на 1,7%. Як лічаць аналітыкі Сусветнага банка, сёлета беларуская эканоміка скароціцца на 0,4%. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця прагназуе рэцэсію на ўзроўні 0,5%. Абедзве лічбы былі названыя ў маі. На думку ж расійскага "Ашчадбанка" (агляд апублікаваны ў чэрвені), па выніках года ВУП Беларусі прырасце на 1,5%.
У 2018 годзе прырост ВУП урад прагназуе на ўзроўні 3,4%. Пра гэта заявіў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі 16 жніўня на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў. Гэты паказчык адпавядае мэтаваму сцэнару развіцця эканомікі і закладваецца ў праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на год. Згодна з кансерватыўным сцэнарам, які разглядацца пры падрыхтоўцы праекта бюджэту, ВУП вырасце на 1,1—1,2%.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 17 жніўня 2017
Мінск, 17 жніўня 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/170/40405
Текущая дата: 18.11.2024