Паводле звестак Белстата, у красавіку 2017 года індэкс спажывецкіх цэн у дачыненні да сакавіка вырас на 0,7%, у параўнанні са снежнем 2016 года — на 2,4%.
У студзені цэны выраслі на 0,9%, лютым — на 0,5%, сакавіку — на 0,3%.
Цэны на харчовыя тавары ў красавіку ў параўнанні з сакавіком выраслі ў сярэднім на 0,8% (з пачатку года — на 2,3%). Нехарчовыя тавары падаражэлі на 0,2% (1,4%), паслугі — на 1% (4,1%).
Афіцыйны прагноз уладаў прадугледжвае інфляцыю ў 2017 годзе ў межах 9%. За 2016 год інфляцыя склала 10,6% пры прагнозе 12%. За 2015 год гэты паказчык склаў 12% пры аналагічным афіцыйным прагнозе. За апошнія 10 гадоў мінімальны ўзровень інфляцыі назіраўся ў 2006 годзе — 6,6%, максімальны — у 2011-м — 108,7%.
На думку аналітыкаў Еўразійскага банка развіцця, павышэнне тарыфаў на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і павышаныя інфляцыйныя чаканні будуць асноўнымі крыніцамі інфляцыйнага націску ў Беларусі на пачатку 2017 года. "Аднак, як паказаў 2016 год, правядзенне збалансаванай грашова-крэдытнай палітыкі пры адсутнасці знешніх шокаў здольна нейтралізаваць такія інфляцыйныя ўсплёскі і ўтрымаць інфляцыйную дынаміку ў рамках мэтавага арыенціру Нацыянальнага банка Беларусі", — лічаць аналітыкі. Яны прагназуюць да снежня 2017 года інфляцыю на ўзроўні 9,3% у дачыненні да снежня папярэдняга года з наступным зніжэннем да 7% у 2018 годзе і да 6% — у 2019-м.
Паводле прагнозу аналітыкаў кампаніі Sberbank CIB — інвестыцыйнага падраздзялення расійскага "Ашчадбанка", сёлета інфляцыя ў Беларусі можа істотна замарудзіцца ў параўнанні з 2016-м. "У 2017 годзе ўнутранае спажыванне насельніцтва застанецца пад націскам на фоне скарачэння рэальных даходаў, што перашкодзіць росту інфляцыі да двухзначнага ўзроўню. Мы чакаем, што ў гэтым годзе інфляцыя ў Беларусі замарудзіцца да менш як 7%", — адзначаюць эксперты Sberbank CIB.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 11 мая 2017
Мінск, 11 мая 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/183/39330
Текущая дата: 17.11.2024