Белорусский портал в Казахстане

90 кампаній ужо пацвердзілі свой удзел у выставе Milex-2017 у Мінску



Аб гэтым паведаміў прадстаўнік Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Уладзімір Лаўранюк.

90 кампаній з Беларусі, Германіі, Казахстана, Кітая, Расіі, Славакіі і Украіны пацвердзілі свой удзел у 8-й міжнароднай выставе ўзбраення і ваеннай тэхнікі Milex, якая пройдзе 20—22 мая ў Мінску, 

Пацвердзілі свой удзел у выставе 20 афіцыйных дэлегацый з 11 краін (Азербайджан, Бангладэш, Егіпт, Кыргызстан, КНР, Нігерыя, Расія і інш.). Усяго плануецца ўдзел у працы выставы 55 афіцыйных дэлегацый з 27 дзяржаў.

Зараз удакладняюцца спісы членаў афіцыйных дэлегацый, узгадняюцца праграмы сустрэч і перамоў кіраўніка Дзяржкамваенпрама Беларусі з кіраўнікамі замежных дэлегацый, а таксама праграма афіцыйных мерапрыемстваў выставы.

Паводле запрашэння кіраўнікоў арганізацый Дзяржкамваенпрама і абароннага сектара эканомікі выставу таксама наведаюць дэлегацыі замежных абаронных кампаній, з якімі беларускія прадпрыемствы наладжваюць або падтрымліваюць сувязі па пытаннях навукова-тэхнічнай ці вытворчай кааперацыі.

Як паведаміў Уладзімір Лаўранюк, афіцыйная цырымонія адкрыцця выставы пройдзе 20 мая на тэрыторыі аэрадромнага комплексу аэрапорта Мінск-1.

Гледачы ўбачаць "пясочнае шоу", вальс бэтээраў і сумесны выступ ваеннаслужачых роты ганаровай варты з дзіцячым эстрадным калектывам, якія ў адзінай кампазіцыі паспрабуюць сумясціць ўрачыстыя рытмы пляц-канцэрта і танцавальнай стэп-кампазіцыі.

У баявым эпізодзе і дэманстрацыйных паказах будзе задзейнічаная сучасная ваенная тэхніка, якая знаходзіцца на ўзбраенні Узброеных сіл Беларусі, а таксама перспектыўныя ўзоры, якія толькі плануюцца да пастаўкі ў войскі.

Дэманстрацыйны паказ магчымасцяў колавай аўтатэхнікі на участку мясцовасці, абсталяваным перашкодамі, адкрые спартыўная каманда Мінскага аўтамабільнага завода "МАЗ-СПОРТаўта", якая шэсць разоў удзельнічала ў ралі-рэйдах Парыж — Дакар і сёлета прарвалася ў эліту сусветнага аўтаспорту, заняўшы шостае месца ў ралі "Дакар-2017".

У дэманстрацыйных заездах таксама возьме ўдзел лёгкабранаваная тэхніка ААТ "140-вы рамонтны завод" і ААТ "МЗКЦ", тактычныя аўтамабілі сямейства 6001 ААТ "МЗКЦ".

Трэніроўкі тэхнікі, задзейнічанай у мерапрыемствах урачыстай цырымоніі адкрыцця выставы, пройдуць 4 і 11 мая, а генеральная рэпетыцыя — 16 мая на тэрыторыі аэрадромнага комплексу аэрапорта Мінск-1.

Арганізатары выставы разам з сучаснымі ўзорамі прадукцыі ваеннага прызначэння і перспектыўнымі распрацоўкамі размесцяць рэтраэкспазіцыю ваеннай тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны на адкрытай пляцоўцы аэрадромнага комплексу. Гэта танкі Т-34-85, Т-34-76, ІС-2, ІС-3, БТ-7, КВ-1, самаходныя ўстаноўкі СУ-100-10 і ІСУ-152, ствольная і рэактыўная артылерыя БМ-13 "Кацюша" і г. д. Усяго 11 узораў.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 13 красавіка 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/187/39071
Текущая дата: 17.11.2024