Белорусский портал в Казахстане

Трактары, ліфты, грузавая тэхніка. Як Беларусь і Узбекістан будуць супрацоўнічаць у прамысловасці



Беларусь і Узбекістан будуць пашыраць супрацоўніцтва ў прамысловасці. Пра гэта паведаміў 27 кастрычніка намеснік міністра прамысловасці Беларусі Аляксандр Яфімаў па выніках візіту беларускай урадавай дэлегацыі ў Бішкек.

Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка 25 кастрычніка правёў рабочую сустрэчу ў Бішкеку з прэм’ер-міністрам Узбекістана Абдулаем Арыпавым.

«Абмяркоўваўся цэлы шэраг тэм, актуальных для двухбаковых адносін. У цэнтры ўвагі былі такія пытанні, як паглыбленне прамысловай кааперацыі і павелічэнне ўзаемнага тавараабароту. Цэлы шэраг паспяховых праектаў у галіне прамысловай кааперацыі ўжо рэалізаваны. Гэта ў першую чаргу наш флагманскі праект ва Узбекістане — зборачнае прадпрыемства па вытворчасці трактарнай тэхнікі МТЗ разам з узбекскім партнёрам. Перавага нашых прапаноў узбекскім калегам заключаецца ў тым, што мы можам не проста гандляваць гатовай прадукцыяй, але і гатовыя да глыбокай лакалізацыі, гатовыя дзяліцца тэхнічнымі і тэхналагічнымі кампетэнцыямі з мэтай павелічэння валавога дабаўленага кошту ва Узбекістане. Адпаведна, для Узбекістана гэта рост адлічэнняў у бюджэт, пазабюджэтныя фонды і ў цэлым станоўчы ўплыў на эканоміку краіны», — падкрэсліў Аляксандр Яфімаў.

Але разам з тым быў намечаны цэлы шэраг іншых напрамкаў, якія будуць разгледжаны на бліжэйшым пасяджэнні міжурадавай камісіі. Плануецца, што супрацоўніцтва дзвюх краін у галіне прамысловасці будзе істотна пашырацца. «Акрамя трактарнай тэматыкі, у нас дастаткова шырока абмяркоўваецца і развіваецца супрацоўніцтва па грузавой і пасажырскай тэхніцы, бытавой тэхніцы, ліфтавым абсталяванні», — дадаў намеснік міністра.

Узбекістан для Беларусі — стратэгічны рынак. «У самы бліжэйшы час гэтую краіну чакае досыць бурны індустрыяльны рост. Гэтаму будзе спрыяць і чысты прырост насельніцтва», — адзначыў Аляксандр Яфімаў.

У супрацоўніцтве з Узбекістанам разглядаліся пытанні і сацыяльнай сферы — адукацыя грамадзян гэтай краіны ў ВНУ і ССНУ Беларусі. «Актуальная тэма для нашай прамысловасці — прыцягненне працоўных мігрантаў з Узбекістана. Сёння нам патрабуецца досыць вялікая колькасць рабочых, спецыялістаў, кіраўнікоў усіх напрамкаў і спецыяльнасцяў», — дапоўніў намеснік міністра.

Звязда, 27 кастрычніка 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/19/71339
Текущая дата: 15.11.2024