Белорусский портал в Казахстане

На БУТБ за адзін дзень было рэалізавана ў ЕС лесапрадукцыі на рэкордныя 7,2 млн еўра



Пра гэта паведаміла прэс-служба біржы.

Па выніках экспартных таргоў, што прайшлі 17 студзеня на Беларускай універсальнай таварнай біржы (БУТБ), у краіны Еўрасаюза рэалізавана лесапрадукцыі на 7,2 млн еўра.

У тым ліку прададзена 53,4 тыс. куб. м пілапрадукцыі (54% ад выстаўленага аб`ёму) на суму 5,8 млн еўра, а таксама 92,3 тыс. куб. м дранкі паліўнай (23% ад агульнай прапановы тавару) на суму 1,4 млн еўра.

У таргах узялі ўдзел 55 пакупнікоў з краін Еўрапейскага саюза. "Дзякуючы канкурэнцыі паміж імі беларускія экспарцёры толькі за адну гандлёвую сесію атрымалі больш за 95 тыс. еўра дадатковай выручкі", — паведаміла прэс-служба.

Адзначаецца, што за апошнія некалькі гадоў гэта адна з самых паспяховых гандлёвых сесій з дадзенай прадукцыяй. Так, папярэднія буйныя біржавыя таргі паліўнай дранкай на экспарт адбыліся ў ліпені 2014 года, калі было прададзена 114,9 тыс. куб. м.

У наступным здзелкі з гэтым таварам заключаліся ў меншых аб`ёмах. "Што тычыцца пілапрадукцыі, то, нягледзячы на стабільна высокі попыт на гэту пазіцыю на біржавых таргах, супастаўны аб`ём экспартных продажаў быў зафіксаваны толькі ў чэрвені 2015 года, калі замежныя пакупнікі набылі 56,39 тыс. куб. м піламатэрыялаў.

"Рост аб`ёмаў продажу піламатэрыялаў і дранкі стаў вынікам працы БУТБ па прыцягненні на таргі кампаній-нерэзідэнтаў, а таксама зацікаўленасці галіновага аператара УП "Беллесэкспарт" у больш актыўным прымяненні біржавога механізму пры рэалізацыі лесапрадукцыі", — лічаць на біржы.

Як адзначаюць эксперты, ключавое месца сярод прыродных багаццяў Беларусі займаюць лясы. На іх долю прыпадае 39,5% усёй яе тэрыторыі. Агульная плошча зямель ляснога фонду Беларусі — больш за 9,5 млн. га. Запас драўніны на пні ацэньваецца ў 1,7 млрд куб. м, у тым ліку спелай драўніны — 263 млн куб. м. Штогод у лясах рэспублікі прырастае звыш 32,1 млн куб. м драўніны. Па мэтавым прызначэнні 49% займаюць эксплуатацыйныя лясы, астатняя плошча — санітарна-гігіенічныя і аздараўленчыя, ахоўныя, водаахоўнай лясы і асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі. На аднаго жыхара краіны прыпадае больш за 0,85 га пакрытых лесам зямель і больш як 173 куб. м драўнянага запасу. Па шэрагу лесасыравінных паказчыкаў Беларусь уваходзіць у дзясятку вядучых лясных дзяржаў Еўропы.

Усе лясы ў Беларусі з`яўляюцца выключнай уласнасцю дзяржавы. Лясная гаспадарка — галіна рэальнага сектара эканомікі, якая дынамічна развіваецца. У 2015 годзе ў лясах рэспублікі нарыхтавана 19,2 млн куб. м ліквіднай драўніны. Гэта ставіць Беларусь у шэраг асноўных еўрапейскіх экспарцёраў лесапрадукцыі.

Сістэма рэалізацыі лесапрадукцыі ў краіне рэгулюецца шэрагам заканадаўчых актаў. Беларуская ўніверсальная таварная біржа — асноўная гандлёвая пляцоўка, на якой беларуская драўніна і прадукцыя яе перапрацоўкі рэалізуецца як унутры рэспублікі, так і на экспарт. Актыўна дзейных замежных пакупнікоў — 230 з 20 краін. Найбуйнейшыя спажыўцы — Літва, Польшча, Германія, Латвія, Эстонія, Славакія, Кітай, Вялікабрытанія, Нідэрланды. Агульны аб`ём лесапрадукцыі, прададзенай на біржавых таргах у 2016 годзе, — 14,80 млн куб. м (у грашовым выражэнні — 895,16 млн рублёў, або 410,05 млн еўра).

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 19 студзеня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/191/38475
Текущая дата: 17.11.2024