Белорусский портал в Казахстане

Школьны аўтобус МАЗ 257 прайшоў краш-тэст



Пра гэта паведамілі ў ААТ "МАЗ".

Спецыялісты змадэліравалі пэўную аварыйную сітуацыю і ацанілі, якія пашкоджанні можа атрымаць аўтобус пры падзенні на бок, а таксама яго пасажыры.

Каб перакуліць транспарт пад пэўным вуглом, выкарыстоўвалі пад`ёмны кран. У выніку разбілася шкло і фары, утварылася невялікая трэшчына на вадзіцельскай перагародцы.

"Выпрабаванні паказалі, што новая мадэль адпавядае ўсім патрабаванням бяспекі, якія існуюць у Беларусі і іншых краінах свету. Калі б у аўтобусе ў час краш-тэста знаходзіліся людзі, то яны не атрымалі б сур`ёзных траўмаў", - адзначылі на прадпрыемстве.

Аўтобус МАЗ 257, які хутка пойдзе ў серыйную вытворчасць, адрозніваецца ад папярэдняга "школьніка" павышанай за кошт выкарыстання рамнага шасі праходнасцю, а таксама пашыраным салонам: інжынеры ўстанавілі ў ім 28 сядзенняў з чатырохкропкавымі рамянямі бяспекі.

Школьны аўтобус таксама ўключае багажныя паліцы для рукзакоў, знешнюю гучную сувязь і мультымедыйныя сістэмы, якія даюць магчымасць заняць дзяцей у дарозе.

Ён аснашчаны сучасным рухавіком экалагічнага класа Еўра-5 супраць Еўра-4 у папярэдніка, забяспечаны сістэмай абмежавання скорасці, якая не дасць магчымасці разагнаць яго звыш 60 км/гадз.

Акрамя таго, распрацоўшчыкі прадугледзелі высоўную прыступку для маленькіх пасажыраў.

Праграма "Школьны аўтобус" рэалізуецца Мінскім аўтазаводам сумесна з Банкам развіцця. На заводзе распрацавана дзве мадэлі - МАЗ 241 і МАЗ 257.

Усяго для сельскай мясцовасці будзе выпушчана не менш як 300 школьных аўтобусаў. Прадукцыю таксама плануецца пастаўляць на рынкі краін ЕАЭС.

2 снежня 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/195/37835
Текущая дата: 17.11.2024