Белорусский портал в Казахстане

Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) на пасяджэнні, якое прайшло 30 лістапада ў Маскве, падрыхтаваў праекты рашэнняў для снежаньскага саміту прэзідэнтаў краін Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС)



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе ЕЭК.

"Савет ЕЭК прыняў шэраг важных рашэнняў, накіраваных на далейшае развіццё еўразійскай інтэграцыі, якія будуць разгледжаны прэзідэнтамі дзяржаў - членаў на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага савета (ВЕЭС) у Санкт-Пецярбургу 26 снежня", - праінфармавалі ў прэс-службе.

У прыватнасці, адобраны праекты рашэнняў Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета "Аб фарміраванні лічбавай прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза", "Аб праграме фарміравання агульнага электраэнергетычнага рынку Еўразійскага эканамічнага саюза", "Аб асноўных напрамках міжнароднай дзейнасці Еўразійскага эканамічнага саюза на 2017 год", а таксама праекты распараджэння ВЕЭС "Аб рэалізацыі асноўных напрамкаў інтэграцыі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза", "Аб распрацоўцы канцэпцыі фарміравання агульнага фінансавага рынку Еўразійскага эканамічнага саюза".

Разгледжаны праект рашэння ВЕЭС аб асноўных напрамках і этапах рэалізацыі скаардынаванай (узгодненай) транспартнай палітыкі дзяржаў - членаў Еўразійскага эканамічнага саюза і дадзены даручэнні па ўдакладненні асобных палажэнняў дакумента.

Прыняты праект рашэння ВЕЭС аб унясенні змяненняў у пералік адчувальных тавараў, устаноўлены стаўкі ўвазных мытных пошлін адзінага мытнага тарыфу ЕАЭС адносна асобных відаў хімічных злучэнняў, унесены змяненні ў рашэнні Камісіі Мытнага саюза адносна марскіх суднаў-трубаўкладчыкаў.

Прадоўжаны тэрмін дзеяння стаўкі ўвазной мытнай пошліны адзінага мытнага тарыфу ЕАЭС адносна поліэтылену для нанясення заводскага трохслаёвага антыкаразійнага пакрыцця на трубы вялікага дыяметра.

На пасяджэнні разгледжаны пытанні ў сферы гандлёвай палітыкі Еўразійскага эканамічнага саюза. Размова ідзе аб пачатку перагавораў па заключэнні пагадненняў аб зонах свабоднага гандлю з Іранам, Індыяй, Сінгапурам і Егіптам.

Членамі Савета ЕЭК падпісана распараджэнне, якое ўносіць змяненні ў пералік тавараў, адносна якіх Казахстан, у адпаведнасці з яго абавязацельствамі перад Сусветнай гандлёвай арганізацыяй, прымяняе стаўкі ўвазных мытных пошлін больш нізкія ў параўнанні са стаўкамі пошлін адзінага мытнага тарыфу ЕАЭС.

Савет ЕЭК прыняў таксама змяненні ў пералік тавараў і ставак, адносна якіх на працягу пераходнага перыяду Арменіяй прымяняюцца стаўкі ўвазных мытных пошлін, адрозныя ад ставак адзінага мытнага тарыфу ЕАЭС.

Савет распарадзіўся накіраваць для правядзення ўнутрыдзяржаўных працэдур праект пратакола аб унясенні змяненняў у дагавор аб ЕАЭС, звязаны з далучэннем Арменіі да ЕАЭС.

Дакумент уносіць змяненні ў метадалогію ажыццяўлення міждзяржаўнай перадачы электрычнай энергіі (магутнасці) паміж дзяржавамі - членамі саюза.

Члены Савета ЕЭК адобрылі рэкамендацыю "Аб развіцці супрацоўніцтва дзяржаў - членаў Еўразійскага эканамічнага саюза ў сферы вытворчасці прадукцыі чорнай металургіі" і праект распараджэння Еўразійскага міжурадавага савета, згодна з якім дзяржавам ЕАЭС неабходна забяспечыць выкананне рашэння ВЕЭС "Аб умовах прымянення паняцця "прамысловая зборка маторных транспартных сродкаў" на тэрыторыях дзяржаў - членаў саюза".

Акрамя таго, прынята рашэнне па спрашчэнні мытных фармальнасцей адносна тавараў, прызначаных для арганізацыі і правядзення афіцыйных міжнародных выставак. Гэтыя тавары будуць падпадаць пад спецыяльную мытную працэдуру без выплаты мытных пошлін, падаткаў і без прымянення да іх мер тэхнічнага рэгулявання.

Як растлумачылі ў мытным блоку ЕЭК, гэта значна знізіць выдаткі арганізатараў і ўдзельнікаў міжнароднай выстаўкі, паскорыць і спросціць мытныя аперацыі.

1 снежня 2016, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/196/37830
Текущая дата: 17.11.2024