Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Татарстан абмяркоўваюць магчымасць стварэння сумесных нафтахімічных вытворчасцей



Аб гэтым заявіў у інтэрв`ю праграме "Контуры" на тэлеканале АНТ Прэзідэнт Татарстана Рустам Мініханаў.

Падводзячы вынікі перагавораў, якія прайшлі ў рамках візіту дэлегацыі Татарстана ў Беларусь, Рустам Мініханаў адзначыў, што бакі абмеркавалі перспектывы далейшага супрацоўніцтва ў нафтахімічнай галіне.

У прыватнасці, разглядаліся магчымасці стварэння сумесных нафтахімічных вытворчасцей. "Для нас гэта цікава", - падкрэсліў ён. Акрамя таго, татарстанскі бок зацікаўлены ў развіцці сеткі АЗС на тэрыторыі Беларусі. "Мы тут пабудавалі ўжо 17 заправачных станцый, яшчэ чатыры плануем пабудаваць", - праінфармаваў Прэзідэнт Татарстана.

Паводле яго слоў, абмяркоўваюцца таксама сумесныя праекты з "Белкамунмашам" і Мінскім маторным заводам. Акрамя таго, Татарстану цікавы вопыт Беларусі ў развіцці аграпрамысловага комплексу і сельгасмашынабудавання.

Адказваючы на пытанне, ці ствараюць адзін аднаму прамую канкурэнцыю МАЗ і КамАЗ, Рустам Мініханаў, адзначыў, што ў многіх сегментах яны працуюць у адной нішы. Раней абмяркоўвалася пытанне аб інтэграцыі двух прадпрыемстваў.

"Але па тых ці іншых прычынах гэтага не адбылося, добра гэта ці дрэнна - не мне судзіць", - сказаў ён. Таксама Прэзідэнт Татарстана дадаў, што два прамысловыя гіганты пры жаданні могуць працаваць на рынках разам.

"Асартыментны пералік можна падзяліць - хто якія аўтамабілі вырабляе. Пры жаданні ўсё рэальна, трэба адзін аднаго чуць, паколькі можна было б значна ўніфікаваць платформы, адаптаваць кампаненты. Гэта сабекошт, затраты, гэта ўніфікацыя. Гэтым усё роўна трэба займацца, інакш канкурэнцыю вытрымаць вельмі складана", - рэзюмаваў ён.

24 кастрычніка 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/199/37379
Текущая дата: 17.11.2024