«МТЗ-Холдынг» запусціў серыйную вытворчасць трактарнага снегаачышчальніка СТ-1500. Пра гэта распавёў начальнік упраўлення маркетынгу і збыту ААТ «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў» Сяргей Маслакоў, паведамляе прэс-служба МТЗ.
«Шнэкараторны снегаачышчальнік прызначаны для ачысткі праезнай часткі, тратуараў і пляцовак ад снегу. Здольны прыбіраць да 300 кубаметраў снегу ў гадзіну, валодае рабочай шырынёй захопу 1,5 м і далечынёй выкіду да 20 м. Эфектыўны ён пры вышыні снежнага покрыва да 0,5 м. Вугал павароту выкіднога патрубка — не менш за 150 градусаў», — адзначыў Сяргей Маслакоў.
Снегаачышчальнік спраектаваны для трактара BELARUS 320.4, аднак дапускаецца агрэгатаванне з іншымі машынамі, якія маюць пярэднюю навеску, пярэдні вал адбора магутнасці і задні баласт. Агрэгат мае шырокую сферу выкарыстання, але асабліва карысны ў камунальных гаспадарках і на дарожна-эксплуатацыйных прадпрыемствах.
«Цяпер вырабляем і рэалізуем 10-15 трактарных снегаачышчальнікаў у месяц. У перспектыве плануем павялічыць аб’ём выпуску. Асноўныя спажыўцы — Расія і Беларусь, але будзем прасоўваць прадукцыю на ўсіх нашых рынках збыту», — дадаў начальнік УМіЗ.
Звязда, 12 лістапада 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/20/71434
Текущая дата: 24.12.2024