Белорусский портал в Казахстане

Амаль 12 млн еўра ўкладзена ў мадэрнізацыю ААТ "Мінскае вытворчае гарбарнае аб`яднанне" ў 2013-2016 гадах



Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар прадпрыемства Мікалай Ермакоў.

12 кастрычніка з работай прадпрыемства азнаёміўся прэм`ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў. Ён наведаў вытворчыя цэхі, заслухаў даклад аб рэалізацыі інвестпраекта, выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці.

Як адзначыў Мікалай Ермакоў, абнаўленне закранула ўсе этапы вытворчасці. У праект укладзена 10,5 млн еўра крэдытных рэсурсаў і 1,2 млн еўра ўласных сродкаў. Закуплена новае тэхналагічнае абсталяванне, якое пры захаванні глыбіні перапрацоўкі дало магчымасць істотна павысіць якасць выпускаемай прадукцыі, пашырыць асартымент для задавальнення попыту айчынных і замежных вытворцаў абутку, мэблі, скураной галантарэі.

"Мадэрнізацыя ў бягучым годзе практычна завершана. Яна дазволіла нам зрабіць поўны цыкл сучаснай вытворчасці высакаякаснага гарбарнага тавару, што дае магчымасць канкурыраваць на рынках блізкага і далёкага замежжа", - сказаў Мікалай Ермакоў.

Калі ў 2013 годзе паўфабрыкат вет-блю ў структуры продажаў займаў большую ўдзельную вагу, то ў бягучым годзе асноўная доля прыпадае на гатовы гарбарны тавар (53 працэнты).

Сярод асноўных пакупнікоў - вядучыя мэблевыя прадпрыемствы рэспублікі "Маладзечнамэбля", "Пінскдрэў", абутковы холдынг "Марко", "Белвест", "Галантэя" і інш. Прадукцыя пастаўляецца і на экспарт, у тым ліку ў Індыю, Расію, Кітай, Італію, Літву, Гану.

Мінскае вытворчае гарбарнае аб`яднанне - самы сучасны гарбарны завод на тэрыторыі Беларусі, пабудаваны па італьянскім праекце.

Праектная магутнасць дае магчымасць штогод выпускаць 500 млн кв.дм хромавай скуры і 200 млн кв.дм скуры са спілку. На прадпрыемстве працуюць больш за 570 чалавек.

12 кастрычніка 2016, Мінск
Надзея Мацвеева - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/200/37248
Текущая дата: 17.11.2024