Белорусский портал в Казахстане

Мінскі аўтамабільны завод плануе распрацаваць мадэль школьнага аўтобуса для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі



Аб гэтым паведаміў 2 верасня галоўны спецыяліст Банка развіцця і менеджар праекта "Школьны аўтобус" Уладзімір Лапацін у час цырымоніі перадачы дзесяці школьных аўтобусаў у Магілёўскую вобласць.

"Аўтобусы для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі Банк развіцця цяпер таксама перадае ў рэгіёны, але мы іх пакуль купляем за мяжой. Мінскі аўтамабільны завод на базе свайго новага школьнага аўтобуса МАЗ-257 пачне распрацоўку доследнага ўзору аўтобуса для дзяцей-інвалідаў, які будзе аснашчаны ліфтам. Такія аўтобусы могуць з`явіцца ўжо ў наступным годзе", - адзначыў Уладзімір Лапацін.

Генеральны дырэктар Мінскага аўтамабільнага завода Дзмітрый Кацярыніч пацвердзіў, што Банк развіцця прапанаваў заводу распрацаваць мадэль аўтобуса для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.

"Мы дапрацуем наш школьны аўтобус МАЗ-257, аснасцім яго ліфтам для дзяцей-інвалідаў. Гэта вельмі важны для нас праект", - падкрэсліў ён. Аўтобус МАЗ-257 створаны на базе рамнага шасі з павялічаным радыусам падоўжнай праходнасці і вуглоў уезду і выезду. На аўтобусе ўстаноўлены рухавік экалагічнага класа Еўра-5.

Адначасова МАЗ-257 можа перавозіць да 28 маленькіх пасажыраў. Кожнае месца аснашчана чатырохкропкавымі рамянямі бяспекі.

Гэты аўтобус прызначаны для эксплуатацыі менавіта ў сельскай мясцовасці.

Праграма "Школьны аўтобус" прадугледжвае набыццё ў 2013-2017 гадах за кошт сродкаў Банка развіцця не менш як 300 адзінак спецыяльна абсталяваных школьных аўтобусаў.

Плануецца, што праграма дасць магчымасць на працягу пяці гадоў поўнасцю вырашыць праблему забеспячэння падвозу дзяцей у сельскай мясцовасці да месц навучання і назад.

2 верасня 2016, Мінск
Святлана Міховіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/204/36822
Текущая дата: 17.11.2024