Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Японія прапрацоўваюць стварэнне прыборабудаўнічага кластара



Аб гэтым паведаміў 13 ліпеня пасол Беларусі ў Японіі Сяргей Рахманаў.

Сяргей Рахманаў адзначыў, што японскі бізнес арыентаваны на супрацоўніцтва з прыватнымі вытворчымі фірмамі, паколькі бачыць у гэтым перавагі.

"Таму мы вядзём работу, каб стварыць у Беларусі, у тым ліку з упорам на Японію, спецыяльны прыборабудаўнічы кластар. У нас ёсць цэлая група сур`ёзных прыватных фірм сусветнага ўзроўню, трэба аб`яднаць іх намаганні і зрабіць нешта падабнае да Парка высокіх тэхналогій. У гэтым выпадку якраз Японія з`яўляецца вельмі добрым партнёрам", - расказаў дыпламат.

Акрамя таго, паводле слоў пасла, супрацоўніцтва з Японіяй развіваюць і дзяржпрадпрыемствы Беларусі. "Пасля пэўных намаганняў нам удалося дамовіцца аб тым, каб на БМЗ сумесна з адной з сур`ёзных фірм Японіі рабіць трубы нафтавага асартыменту па тых тэхналогіях, якія ёсць на БМЗ, але нарэзка разьбы будзе японская. Калі ўсё гэта будзе прадоўжана, будуць вельм сур`ёзныя аб`ёмныя кантракты з гарантаваным збытам", - звярнуў увагу ён.

Беларускаму боку ўдалося дабіцца значных вынікаў і па развіцці супрацоўніцтва з Японіяй у сферы турызму. "У нас цяпер значны прарыў па ўязным турызме з Японіі. Мы ўпершыню стварылі разам з японскімі фірмамі праект па кратным нарошчванні японскіх турыстаў у Беларусі і знайшлі сур`ёзных партнёраў, уключаючы вядучыя дзяржаўныя структуры і канкрэтныя фірмы Японіі", - адзначыў Сяргей Рахманаў.

Развіваецца і палітычны вектар у адносінах паміж дзвюма краінамі, дадаў дыпламат. У ліпені Беларусь упершыню наведае парламенцкая дэлегацыя Японіі.

"Гэтыя людзі, якія прыедуць, вельмі ўплывовыя. Іх не выпадкова падбіралі. Потым яны, безумоўна, і раскажуць, і зробяць усё неабходнае ў Японіі, каб нашы адносіны развіваліся эфектыўна", - упэўнены беларускі пасол.

13 ліпеня 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/207/36304
Текущая дата: 17.11.2024