Белорусский портал в Казахстане

У МЗС спадзяюцца, што 2016 год стане апошнім годам дзеяння амерыканскіх санкцый у дачыненні да Беларусі



Апошнім часам у адносінах паміж Беларуссю і Злучанымі Штатамі назіраецца пацяпленне.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі спадзяюцца, што 2016 год стане апошнім годам дзеяння амерыканскіх санкцый у дачыненні да краіны.

"Відавочна, што санкцыйныя рашэнні, прынятыя ў 2006 годзе адміністрацыяй Джорджа Буша і прадоўжаныя на чарговы год, грунтуюцца на першапачаткова няправільным пасыле аб тым, што Беларусь можа выступаць крыніцай пагрозы бяспецы ЗША", — гаворыцца ў каментарыі прэс-сакратара МЗС Беларусі Дзмітрыя Мірончыка ў сувязі з працягам яшчэ на год амерыканскіх санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў.

Мірончык адзначыў, што на працягу ўсіх апошніх гадоў Беларусь "робіць рэальны і шырока прызнаны ўнёсак у арганізацыю рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі".

"Прынятае 10 чэрвеня рашэнне дублюе папярэднія аналагічныя акты і не ўлічвае змены ў беларуска-амерыканскіх адносінах, што адбываюцца, — гаворыцца ў каментарыі. — Мы маем намер працягваць распачаты дыялог з амерыканскімі партнёрамі з мэтай нармалізацыі адносін і поўнай адмены выканаўчага загада прэзідэнта Джорджа Буша № 13405 ад 16 чэрвеня 2006 года. Спадзяемся, што юбілейны, дзясяты, год дзеяння санкцый стане апошнім".

11 чэрвеня прэзідэнт ЗША Барак Абама працягнуў яшчэ на год дзеянне санкцый у дачыненні да шэрагу беларускіх чыноўнікаў. На думку Абамы, "дзеянні пэўных прадстаўнікоў беларускага ўрада і шэрагу іншых асоб маюць надзвычайную пагрозу нацыянальнай бяспецы і знешняй палітыцы Злучаных Штатаў". Гэтыя дзеянні таксама "падрываюць дэмакратычныя працэсы і інстытуты ў Беларусі". Ва ўказе, дзеянне якога працягнуў Абама, улады Беларусі абвінавачваюцца ў "парушэннях правоў чалавека, звязаных з палітычнымі рэпрэсіямі, а таксама ва ўдзеле ў карупцыі".

Візавыя і фінансавыя абмежаванні для дзесяці беларускіх чыноўнікаў ЗША ўвялі яшчэ ў 2006 годзе. Акрамя Аляксандра Лукашэнкі і яго сына, памочніка па нацыянальнай бяспецы Віктара Лукашэнкі, у спіс былі ўключаныя сакратар Савета бяспекі, міністры юстыцыі і ўнутраных спраў, старшыня КДБ, кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі. Амерыканскім кампаніям забаронена заключаць здзелкі з гэтымі людзьмі.

29 красавіка ЗША працягнулі на шэсць месяцаў рашэнне аб змякчэнні санкцый у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў, прынятае пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2015 года. Санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў былі ўведзеныя на падставе ўказа Джорджа Буша ад 16 чэрвеня 2006 года ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі і з тых часоў неаднаразова працягваліся. У спісе санкцыйных прадпрыемстваў — Беларускі нафтавы гандлёвы дом, канцэрн "Белнафтахім", Belneftekhim USA Inc., ААТ "Белшына", ААТ "Гродна Азот", ААТ "Гродна Хімвалакно", ААТ "Лакафарба", ААТ "Нафтан" і ААТ "Полацк-Шкловалакно".

У канцы мая часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд у праграме "Буйным планам" на БТ паведаміў, што канчатковае рашэнне пра лёс санкцый ЗША ў дачыненні да Беларусі будзе прынятае паводле вынікаў парламенцкіх выбараў у краіне.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 13 чэрвеня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/210/35891
Текущая дата: 16.11.2024