Белорусский портал в Казахстане

Турэцкі холдынг "Кастамону" бачыць перспектывы супрацоўніцтва з беларускімі дрэваапрацоўшчыкамі



Аб гэтым заявіў 2 чэрвеня ў час наведвання ААТ "Івацэвічдрэў" віцэ-прэзідэнт кампаніі Анур Гювен.

Турэцкі дрэваапрацоўчы холдынг "Кастамону" бачыць перспектывы супрацоўніцтва з прадпрыемствамі канцэрна "Беллеспаперапрам".

"Мы ведаем, што ў Беларусі, у сектары дрэваапрацоўчай прамысловасці і вытворчасці панэлей з драўняных матэрыялаў ёсць добрыя інвестыцыйныя магчымасці. Мы прыехалі для таго, каб абмеркаваць варыянты нашага супрацоўніцтва. Думаю, што для нас гэта будзе правільная стратэгія", - сказаў Анур Гювен.

Холдынг "Кастамону" ўваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых кампаній дрэваапрацоўчай галіны ў Еўропе і спецыялізуецца на вытворчасці драўняных пліт МДФ, ДСП, ламініраваных падлогавых пакрыццяў, драўняных накладак і мэблевых панэлей.

Гадавы аб`ём вытворчасці складае 4,5 млн куб.м драўняных пліт. Гадавы абарот холдынга ацэньваецца ў памеры $1,4 млрд. Акрамя Турцыі кампанія мае заводы ў Румыніі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіне, Расіі. Беларусь прадстаўнікі холдынга наведваюць упершыню.

Кампанія дэлегавала сюды каманду, у склад якой увайшлі самыя вопытныя тэхнічныя спецыялісты. Як адзначыў кіраўнік дэлегацыі, ужо сам гэты факт сведчыць аб сур`ёзнасці намераў кіраўніцтва холдынга. На працягу трох дзён дэлегацыя наведала практычна ўсе мадэрнізаваныя прадпрыемствы канцэрна "Беллеспаперапрам".

"Сур`ёзныя інвестыцыі былі зроблены ў галіну, паспяховыя. Мы вас віншуем з гэтым, таму што разумеем, наколькі гэта няпроста. Тыя, хто працуюць цяпер у гэтым сектары, маюць саракагадовы вопыт на рынку. З імі нялёгка канкурыраваць. Мы бачым ваш поспех", - ацаніў намаганні беларускіх калег Анур Гювен.

У ААТ "Івацэвічдрэў" турэцкім гасцям паказалі вытворчыя цэхі і пляцоўкі. Гэта прадпрыемства адным з першых у галіне рэалізавала праект па мадэрнізацыі вытворчасці і сёння ўваходзіць у лік беларускіх лідараў у вытворчасці ламініраваных драўняна-стружкавых пліт.

Як паведаміў генеральны дырэктар акцыянернага таварыства Уладзімір Шульга, у мінулым годзе тут вырабілі 276 тыс. куб.м пліт.

У бягучым плануюць нарасціць аб`ёмы на 20 працэнтаў. Пры гэтым "Івацэвічдрэў" валодае патэнцыялам па развіцці мэблевай вытворчасці. Ёсць ідэя пабудаваць пелетны завод. Напрамкі кааперацыі з турэцкім холдынгам могуць быць розныя.

"Гэта сур`ёзная кампанія з добрым вопытам работы, магутнымі прадпрыемствамі. У чым мы адзін аднаму можам быць карысныя? З вытворчасцю пліт, думаю, мы справімся самі. Што датычыцца сумесных продажаў на рынках, дзе яны працуюць, - гэта можам разглядаць. У іх больш вопыту ў гэтым. У прынцыпе, хацелася б з кампаніяй мець стратэгічнае супрацоўніцтва. Варыянты ёсць розныя", - падзяліўся меркаваннем Уладзімір Шульга.

"І краіна, і людзі нам вельмі спадабаліся. Таму, я мяркую, што мы злучым сілы, і з`явяцца добрыя праекты, выгадныя для абодвух бакоў", - рэзюмаваў кіраўнік турэцкай дэлегацыі.

У час наведвання дэлегацыяй ААТ "Івацэвічдрэў" адбылася сустрэча старшыні канцэрна "Беллеспаперапрам" Юрыя Назарава з віцэ-прэзідэнтам турэцкай кампаніі Анурам Гювенам. Афіцыйныя перагаворы кіраўніцтва канцэрна і холдынга "Кастамону" пройдуць 3 чэрвеня ў Мінску.

2 чэрвеня 2016, Івацэвічы
Святлана Вячорка - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/211/35761
Текущая дата: 16.11.2024