Пра гэта было заяўлена 5 мая на пашыраным пасяджэнні праўлення Нацбанка, на якім разглядаліся вынікі рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі ў I квартале 2016 года.
Паводле ацэнак Нацыянальнага банка, у чэрвені 2016 года інфляцыя наблізіцца да 12% у гадавым выражэнні.
Як паведамляе прэс-служба галоўнага банка краіны, падчас пасяджэння было адзначана, што грашова-крэдытная палітыка сёлета захоўвае пераемнасць мэтаў і накіраваная, перш за ўсё, на падтрыманне макраэканамічнай збалансаванасці, забеспячэнне фінансавай стабільнасці і зніжэнне інфляцыйных працэсаў.
Усе інструменты манетарнай палітыкі падпарадкаваныя дасягненню галоўнай мэты — стрымліванне інфляцыі ў межах 12%, падкрэсліваюць у Нацбанку.
Паводле вынікаў I квартала 2016 года прамежкавы арыенцір манетарнай палітыкі — прырост шырокай грашовай масы — знаходзіцца ў межах устаноўленых параметраў.
Разам з тым дынаміка інфляцыі паводле вынікаў I квартала склалася вышэйшай за прагноз: прырост спажывецкіх цэн за тры месяцы года склаў 5,7% супраць прагнозных 5%.
Як адзначаюць у Нацбанку, перавышэнне фактычнага ўзроўню гадавой інфляцыі над мэтавым паказчыкам звязанае з кароткатэрміновым усплёскам інфляцыі ў пачатку года з-за адміністрацыйнага павышэння цэн і кароткатэрміновага дзеяння курсавога фактару. "Улічваючы разавы характар уздзеяння названых фактараў, інфляцыйныя працэсы будуць мець тэндэнцыю да запаволення. Паводле ацэнак Нацыянальнага банка, у чэрвені 2016 года інфляцыя наблізіцца да 12% у гадавым выражэнні", — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Згодна са звесткамі Нацбанка, істотны ўплыў на эканамічныя працэсы ў краіне ў I квартале па-ранейшаму рабіла дынаміка абменнага курсу беларускага рубля. У цэлым за студзень—сакавік 2016 года аслабленне беларускага рубля да кошыка валют склала 12,7%.
Пры гэтым асноўнае зніжэнне абменнага курсу нацыянальнай валюты — на 11,4% — прыпала на студзень, калі на фоне хуткага аслаблення расійскага рубля сфармаваўся чысты попыт на замежную валюту з боку суб`ектаў гаспадарання і насельніцтва на ўнутраным валютным рынку.
Калі ў студзені фізічныя асобы на чыстай аснове купілі 189 млн. долараў ЗША, то ў наступныя месяцы насельніцтва ўжо стала чыстым прадаўцом. За I квартал 2016 года чыстая прапанова замежнай валюты з боку насельніцтва склалася ў аб`ёме 148 млн. долараў ЗША.
Суб`ектамі гаспадарання за студзень—сакавік 2016 года на чыстай аснове куплена 162 млн. долараў ЗША. Пры гэтым увесь аб`ём куплі прыпаў на першы месяц года, тады як у лютым—сакавіку пасля шасцімесячнага перапынку прадпрыемствы зноў сталі чыстымі прадаўцамі валюты.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 5 мая 2016
Мінск, 5 мая 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/213/35415
Текущая дата: 16.11.2024