Белорусский портал в Казахстане

Праект "100 ідэй для СНД" прапануецца праводзіць раз у два гады



Пра гэта паведаміў сустаршыня Савета па справах моладзі дзяржаў - удзельніц СНД, намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык, каментуючы папярэднія вынікі пасяджэння савета.

Праект "100 ідэй для СНД" прапануецца праводзіць на пастаяннай аснове раз у два гады.  

Як адзначыў Віктар Якжык, беларускі бок унёс прапанову прадоўжыць рэалізацыю праекта "100 ідэй для СНД". Размова ідзе аб тым, каб праводзіць яго раз у два гады: у першы год будуць праходзіць нацыянальныя адборы, у другі - фінал і суперфінал на ўзроўні СНД.

Удзельнікі савета таксама маюць намер садзейнічаць кааперацыі праектаў моладзі з розных краін.

Дырэктар дэпартамента дзяржаўнай палітыкі ў сферы выхавання дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі і навукі Расіі Аляксандр Страдзэ адзначыў, што праект "100 ідэй для СНД" - гэта магчымасць для моладзі прэзентаваць дасягнутыя вынікі ў рэалізацыі свайго праекта. На выстаўцы сёння ў асноўным прадстаўлены індывідуальныя праекты або распрацоўкі аўтарства некалькіх маладых людзей з адной краіны. У перспектыве хацелася б, каб з`явіліся міжвузаўскія, міждзяржаўныя моладзевыя каманды, адзначыў ён.

Беларускі бок таксама прапанаваў разгледзець пытанне аб наданні конкурсу "Уладар вёскі" міжнароднага статусу.

Дэлегацыі ўсіх краін - удзельніц савета запрошаны на Дзень моладзі на "Славянскім базары".

Пасяджэнне Савета па справах моладзі дзяржаў - удзельніц СНД праходзіць 14-15 красавіка ў Мінску. На пасяджэнні падводзяцца вынікі выканання плана мерапрыемстваў на 2014-2015 гады па рэалізацыі Стратэгіі міжнароднага моладзевага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД на перыяд да 2020 года і абмяркоўваецца ход выканання плана мерапрыемстваў на 2016-2017 гады.

У цэнтры ўвагі - пытанні развіцця моладзевага грамадскага руху, дзейнасці базавых арганізацый СНД па развіцці моладзевага прадпрымальніцтва і рабоце з моладдзю, удасканаленне нарматыўных прававых актаў у сферы моладзевай палітыкі.

Акрамя таго, плануецца зацвердзіць склад рабочай групы па падрыхтоўцы праекта Канцэпцыі развіцця моладзевага валанцёрскага руху на прасторы СНД, разгледзець пытанні падрыхтоўкі зборніка, прысвечанага 25-годдзю ўтварэння СНД і 10-годдзю дзейнасці Савета па справах моладзі, і далейшай рэалізацыі моладзевага праекта "100 ідэй для СНД".

14 красавіка 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/216/35192
Текущая дата: 16.11.2024