Белорусский портал в Казахстане

Рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання павінны актывізаваць работу па далучэнні Беларусі да Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА)



Адпаведнае распараджэнне ад 6 красавіка 2016 года падпісаў прэм`ер-міністр Андрэй Кабякоў, паведамілі ў прэс-службе ўрада.

Дзяржорганам таксама даручана прыняць меры па ўзмацненні экспертна-кадравага патэнцыялу па пытаннях, звязаных з асноўнымі напрамкамі гэтых перагавораў.

Агульную каардынацыю перагаворнага працэсу будзе ажыццяўляць Міністэрства замежных спраў. Яно павінна ўнесці ў Савет Міністраў прапановы па складзе перагаворнай дэлегацыі, кандыдатуры яе кіраўніка і яго намеснікаў. Акрамя гэтага, МЗС даручана распрацаваць праект плана мерапрыемстваў па забеспячэнні перагаворнага працэсу на 2016 год.

Распараджэнне прэм`ер-міністра падпісана ў мэтах выканання даручэння Прэзідэнта, агучанага ў час нарады 29 сакавіка, аб актывізацыі перагаворнага працэсу па далучэнні Беларусі да СГА з улікам безумоўнага выканання нацыянальных інтарэсаў.

Беларусь разглядае членства ў СГА як інструмент паглыблення інтэграцыі ў шматбаковую гандлёвую сістэму, аптымізацыі структуры знешняга гандлю, а таксама ў якасці дадатковага стымулу для эканамічнага росту.

7 красавіка 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/217/35084
Текущая дата: 16.11.2024