Белорусский портал в Казахстане

Бельгійскі бізнес зацікаўлены ва ўзмацненні ўзаемадзеяння з беларускімі кампаніямі



Дзелавыя сустрэчы "В2В Беларусь - Бельгія 2016" праходзяць у Мінску 29 лютага - 2 сакавіка.

Бельгійскі бізнес зацікаўлены ва ўзмацненні ўзаемадзеяння з беларускімі кампаніямі, паведаміла сёння генеральны дырэктар Валонскага агенцтва па экспарце і замежных інвестыцыях Awex Паскаль Дэлькамінет на адкрыцці дзелавых сустрэч "В2В Беларусь - Бельгія 2016".

"Мы даўно не прыязджалі ў Беларусь, апошняя эканамічная місія была арганізавана ў 2009 годзе. Але мы прымалі ў Бельгіі вялікую колькасць беларускіх дэлегацый. Мы плануем арганізаваць шэраг сустрэч, своеасаблівае роўд-шоу, дзе беларускія кампаніі змогуць сустрэць партнёраў з Бельгіі, якія працуюць у розных сектарах эканомікі", - адзначыла Паскаль Дэлькамінет.

У жніўні 2015 года створана беларуска-бельгійскае агенцтва па экспарце-імпарце Belexia. "Гэта дазволіла даць важны сігнал для ўзмацнення ўзаемадзеяння паміж дзвюма краінамі", - падкрэсліла яна. Паскаль Дэлькамінет заявіла, што Беларусь і Бельгія маюць падабенства адразу па некалькіх пазіцыях. Перш за ўсё, гэта прыблізна аднолькавая колькасць насельніцтва. Бельгійская эканоміка адкрытая, як і эканоміка Беларусі.

"Нашы дзве краіны з`яўляюцца платформамі ўваходу ў інтэграцыйныя ўтварэнні: Беларусь - у Еўразійскі эканамічны саюз, Бельгія - у Еўрасаюз. Думаю, што ёсць шэраг ініцыятыў, якія можна развіваць у гэтым напрамку", - падагульніла Паскаль Дэлькамінет.

Дзелавыя сустрэчы "В2В Беларусь - Бельгія 2016" праходзяць у Мінску 29 лютага - 2 сакавіка. Арганізатарамі мерапрыемства з`яўляюцца Валонскае агенцтва па экспарце і замежных інвестыцыях Awex і беларуска-бельгійскае агенцтва па экспарце-імпарце Belexia.

Мэта дзелавых сустрэч - пошук патэнцыяльных партнёраў для запуску сумесных праектаў па выпуску інавацыйнай і канкурэнтаздольнай прадукцыі і прадастаўленне магчымасцей па выхадзе на сусветныя рынкі.

1 сакавіка 2016, Мінск
Юлія Огнева - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/223/34629
Текущая дата: 16.11.2024