Белорусский портал в Казахстане

Беларускае МЗС: Рашэнне Савета ЕС аб адмене большасці санкцый — важны этап на шляху поўнай нармалізацыі адносін



"Вітаем сённяшняе рашэнне Савета міністраў замежных спраў Еўрапейскага саюза аб адмене большасці абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі і актывізацыі супрацоўніцтва з нашай краінай", — заявіў начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык "у сувязі з заключэннямі Савета ЕС па Беларусі".

"Гэтае рашэнне з`яўляецца важным этапам на шляху поўнай нармалізацыі адносін і адкрывае новыя магчымасці для пашырэння разнапланавага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і ЕС, вываду яго на якасна іншы ўзровень, — адзначыў афіцыйны прадстаўнік ведамства. — Перакананыя, што гэта адпавядае інтарэсам Беларусі, Еўрасаюза і ўсяго Еўрапейскага рэгіёну ў цэлым".

Прынятае рашэнне Савета ЕС "наглядна сведчыць аб тым, што менавіта дыялог з`яўляецца найбольш эфектыўным сродкам ўрэгулявання рознагалоссяў". "Спадзяемся, што яно будзе садзейнічаць умацаванню рэгіянальнай стабільнасці і бяспекі. Гатовыя зрабіць свой унёсак у гэты працэс. Беларусь адкрытая да працягу канструктыўнага дыялогу з Еўрапейскім саюзам і яго краінамі-членамі па ўсіх пытаннях, што ўяўляюць узаемную цікавасць", — заявіў Мірончык.

Як раней паведамлялася, Еўрасаюз не працягнуў дзеянне санкцый у дачыненні да 170 фізічных асоб і трох кампаній Беларусі. У той жа час пад дзеяннем візавых і эканамічных санкцый застаюцца чацвёра грамадзян, якіх ЕС лічыць датычнымі да знікнення ў Беларусі палітыкаў у 1999—2000 гадах: Уладзімір Навумаў (былы міністр унутраных спраў), Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта), Юрый Сівакоў (у перыяд знікнення палітыкаў займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзмітрый Паўлічэнка (камандзір брыгады спецназу ўнутраных войскаў МУС). Еўрасаюз таксама захаваў эмбарга на пастаўкі ўзбраенняў.

БелаПАН
Мінск, 15 лютага 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/226/34323
Текущая дата: 16.11.2024