Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Сербія праводзяць конкурс сумесных навукова-тэхнічных праектаў



28 снежня пачаўся прыём заявак на беларуска-сербскі конкурс сумесных навукова-тэхнічных праектаў на 2016—2017 гады.

Конкурс праводзяць Дзяржкамітэт па навуцы і тэхналогіях Беларусі і Міністэрства адукацыі, навукі і тэхналагічнага развіцця Сербіі ў межах рэалізацыі міжурадавага пагаднення аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, якое дзейнічае з 1996 года. 

Паводле інфармацыі прэс-службы ДКНТ, заяўкі прымаюцца па 29 студзеня 2016 года па прыярытэтных кірунках двухбаковага беларуска-сербскага супрацоўніцтва: фізіка-матэматычная навука, біятэхналогіі, хімічныя тэхналогіі, сельская гаспадарка, энергетыка, энергаэфектыўнасць, экалогія і ахова навакольнага асяроддзя. 

Акрамя бізнес-плана пададзеныя на конкурс дакументы павінны ўтрымліваць пісьмовыя абавязацельствы дзяржаўнага замоўцы па праектах, у межах якіх плануецца выкананне доследна-канструктарскіх і доследна-тэхналагічных работ, і копію дагавора аб супрацоўніцтве з замежнай арганізацыяй-партнёрам. Разгляд заявак будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з палажэннем аб навукова-тэхнічных праектах, выкананых у межах міжнародных дагавораў Беларусі. 

Як паведаміла прэс-служба, з 1 красавіка 2014 года рэалізуецца восем сумесных праектаў з аб`ёмам фінансавання з дзяржбюджэту ў 630 млн. рублёў. У прыватнасці "Стварэнне новых хіміятэрапеўтычных сродкаў шырокага профілю на аснове комплексаў біяметалаў", "Паглыблены аналіз мікраўзроўневых відарысаў для біялогіі і медыцыны", "Сінтэз і мадыфікацыя нанаструктур пад уздзеяннем лазернага выпраменьвання" і іншыя.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 28 снежня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/231/33731
Текущая дата: 16.11.2024