Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным мабілізаваць усе рэсурсы і сілы для ўздыму эканомікі



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі заявіў 7 снежня на нарадзе аб праектах прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2016 год.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння на нарадзе дэталёва разглядаюцца планы на наступны год, з якога пачынаецца новае пяцігоддзе, новы этап у развіцці краіны.

"Год будзе праходзіць ва ўмовах жорсткіх бюджэтных абмежаванняў, - падкрэсліў беларускі лідар. - Нам трэба забяспечыць макраэканамічную стабільнасць, пры гэтым выканаць усе абавязацельствы перад людзьмі. Як і было абяцана, прыярытэт у эканоміцы - гэта чалавек. Ахова здароўя, адукацыя, сацыяльная абарона. Мы будуем эканоміку ведаў. Значыць, нашы прыярытэты  - таксама навука і перадавыя, найноўшыя тэхналогіі".

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы заўважыў, што "пакуль больш размоў, чым справы".

"Беларусь - суверэнная краіна. Таму вырашэнне існуючых праблем у эканоміцы ў першую чаргу залежыць ад нас саміх, ад таго, як мы працуем, наколькі ўмела гандлюем і эфектыўна прасоўваем сваю прадукцыю як унутры краіны, так і на знешніх рынках", - адзначыў Прэзідэнт.

Патрабуючы мабілізаваць усе сілы для ўздыму эканомікі, Аляксандр Лукашэнка хацеў бы пачуць дакладны адказ на пытанне, на што разлічваюць урад і Нацыянальны банк.

"На буйныя прадпрыемствы і новыя праекты? Або будзем чакаць, калі скончыцца паласа непрыемнасцей у сусветнай эканоміцы?" - пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт запатрабаваў ад урада стварыць такія ўмовы вядзення бізнесу, каб "інвестары самі прыходзілі да нас, самі неслі грошы, а не іх шукалі".

"Што трэба для гэтага, таксама хацелася б пачуць ад урада", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу губернатараў на гэту праблему.

"Вы несяце персанальную адказнасць за эфектыўнае развіццё рэгіёнаў. Прыярытэты абазначаны для ўсіх, і іх трэба прытрымлівацца няўхільна".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што чакае ад удзельнікаў нарады не галаслоўных абяцанняў і запэўніванняў, спасылак на знешнія фактары.

"У нас свае нацыянальныя інтарэсы, якія трэба адстойваць і развіваць", - заявіў Прэзідэнт.

7 снежня 2015, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/234/33532
Текущая дата: 16.11.2024