Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Туркменістан поўныя рашучасці нарасціць аб`ёмы тавараабароту



Гэта пацвердзілі прэзідэнты дзвюх краін Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў на сустрэчы сам-насам.

Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу на пэўныя праблемы са зніжэннем узаемнага тавараабароту. Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў неабходнасць яго нарошчвання, паколькі гэта з`яўляецца фундаментам двухбаковых адносін.

"І мы поўныя рашучасці аднавіць гэтыя гандлёва-эканамічныя адносіны", - сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі і Туркменістана ёсць дамоўленасці ў машынабудаванні і прапанаваў працаваць сумесна на рынках суседніх краін.

"Мы нямала зрабілі, каб тут быў рэальны сектар, падобны да беларускага", - адзначыў беларускі лідар. Ён дадаў, што Беларусь гатова супрацоўнічаць з Туркменістанам па шырокім спектры напрамкаў, пачынаючы ад ваенна-прамысловага комплексу і да падрыхтоўкі кадраў.

У гэтыя дні ў Ашхабадзе праходзіць беларуска-туркменская выстаўка-кірмаш. На думку беларускага лідара, тут ёсць магчымасць прадэманстраваць не толькі народу Туркменістана, але і гасцям мерапрыемства, што могуць вырабляць абедзве краіны. Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем заўважыў, што яго візіт у Туркменістан праходзіць напярэдадні вялікай падзеі, якая прадвызначыла напрамак палітыкі краіны, - Дня нейтралітэту. Ён адзначыў, што тэмай, якая абмяркоўваецца ўдзельнікамі міжнароднай канферэнцыі, што пройдзе з нагоды свята ў Ашхабадзе 12 снежня, стане міжнароднае супрацоўніцтва ў імя міру, бяспекі і развіцця.

"Без міру і бяспекі няма стабільнасці. Гэта якраз на злобу дня. Вакол бушуюць пажары канфліктаў, сутыкненняў і ўжо войнаў. Не дай бог, як я ўжо гаварыў, выступаючы ў ААН, нам дажыць да таго часу, калі гэта перарасце ў маштабную вайну. Гэта вельмі важны кантэкст размовы", - лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт Туркменістана назваў візіт свайго калегі знакавым і гістарычным, паколькі ён праходзіць у святочныя для краіны дні. Ён адзначыў, што Беларусь і Туркменістан з`яўляюцца аднадумцамі на міжнароднай арэне.

Гаворачы аб эканамічным складніку двухбаковых адносін, Гурбангулы Бердымухамедаў высока ацаніў развіццё беларускай прамысловасці, адзначыўшы, што гэта прадукцыя запатрабавана ў Туркменістане, а Беларусь славіцца ў свеце як тэхналагічная краіна.

Туркменскі лідар звярнуў увагу і на гуманітарную сферу супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі, падкрэсліўшы яе важнасць для развіцця адносін паміж народамі. Гурбангулы Бердымухамедаў падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за падрыхтоўку туркменскіх грамадзян у беларускіх навучальных установах.

"У вас навучаецца больш як 9 тыс. туркменскай моладзі. Беларусь - гэта кузня кадраў", - сказаў ён. Прэзідэнт Туркменістана згадаў таксама буйнамаштабны праект, які рэалізуецца бакамі, - будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната. Ён падкрэсліў, што яго прадукцыя запатрабавана не толькі ў рэгіёне, але і ва ўсім свеце, і выказаў надзею, што гэты аб`ект будзе здадзены ў тэрмін.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым заўважыў, што асноўныя цяжкасці ўжо ў мінулым. Туркменскі лідар выказаў удзячнасць беларускаму боку за рэалізацыю гэтага праекта ў Туркменістане.

10 снежня 2015, Ашхабад
Таццяна Паляжай - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/235/33586
Текущая дата: 28.12.2024