Белорусский портал в Казахстане

Сусветны банк прагназуе стагнацыю ў беларускай эканоміцы



У 2017 годзе ў Беларусі можа адбыцца нязначны рост ВУП і скласці каля 1%, прагназуюць эканамісты Сусветнага банка.

Беларуская эканоміка знаходзіцца ў рэцэсіі, у сярэднетэрміновай перспектыве чакаецца стагнацыя. Такі прагноз утрымліваецца ў макраэканамічным аглядзе Сусветнага банка, прэзентацыя якога адбылася 2 лістапада ў Мінску.

"Эканоміка Беларусі знаходзіцца ў стане рэцэсіі: у сувязі са слабым унутраным і знешнім попытам рэальны выпуск скарачаецца — упершыню з 1995 года", — падкрэсліваецца ў макраэканамічным аглядзе. 

Эканамісты Сусветнага банка канстатуюць, што са студзеня па верасень 2015 года ВУП Беларусі ў рэальным выражэнні знізіўся на 3,7% да аналагічнага перыяду папярэдняга года (хаця за такі ж перыяд 2014 года ВУП вырас на 1,6%). 

"Эканамічны спад у Расіі аказаў негатыўны ўплыў на прамысловасць, дзе аб`ём вытворчасці ўпаў на 7,1% у рэальным выражэнні. У сельскай гаспадарцы спад вытворчасці склаў 3,1%. Рэцэсія і захаванне інфляцыі абумовілі падзенне рэальных зарплат і даходаў насельніцтва, і, адпаведна, скарачэнне ўзроўню спажывання дамашніх гаспадарак", — зазначаюць эксперты Сусветнага банка. 

Сёлета, працягваюць яны, у Беларусі назіралася таксама скарачэнне інвестыцый у асноўны капітал. Паводле ацэнак Сусветнага банка, у 2015 годзе ВУП Беларусі знізіцца на 3,5%, у 2016 годзе — на 0,5%. 

"Структурныя дысбалансы, якія назіраюцца з 2008 года, узмацняюцца зніжэннем попыту на рынках Расіі і Украіны, а таксама падзеннем цэн на сыравіну, што абумоўлівае глыбіню чаканага спаду. Аднаўленне ўнутранага попыту выглядае малаверагодным", — лічаць эканамісты банка. 

На іх думку, кароткатэрміновае стымуляванне ўнутранага попыту за кошт квазіфіскальных мер і павышэння зарплат практычна немагчымае ва ўмовах значных выплат дзяржавы па знешніх абавязацельствах. 

"У названых абставінах стагнацыя эканомікі ўяўляецца найбольш верагодным сцэнарыем. З прычыны магчымых ваганняў абменнага курсу і запланаванага росту тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі ўзровень інфляцыі па-ранейшаму будзе вымярацца двухзначнымі лічбамі", — прагназуюць эканамісты Сусветнага банка.

Паводле ацэнак экспертаў, у выпадку правядзення ўзважанай макраэканамічнай палітыкі і рэалізацыі структурных рэформ (пры некаторай фінансавай падтрымцы звонку), "перспектывы аднаўлення эканамічнага росту ў 2017 годзе выглядаюць больш спрыяльнымі, нягледзячы на працяг спаду ў 2016 годзе". 

Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 2 лістапада 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/238/33139
Текущая дата: 16.11.2024