Белорусский портал в Казахстане

У найбліжэйшыя гады Беларусі неабходна рэалізаваць дзве ключавыя рэформы



Пра гэта заявіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Мікалай Снапкоў, размаўляючы з журналістамі 3 лістапада ў Мінску падчас канферэнцыі "Эканоміка Беларусі: зноў перад выбарам".

У найбліжэйшыя гады Беларусі неабходна рэалізаваць дзве ключавыя рэформы — раздзяліць функцыі дзяржавы як рэгулятара і ўласніка, а таксама перайсці да індыкатыўнай сістэмы планавання. 

Прагнозныя дакументы сацыяльна-эканамічнага развіцця, якія прадугледжваюць вышэйназваныя змяненні, будуць разглядацца ва ўрадзе 4 лістапада, паведаміў Снапкоў. 

Выступаючы на канферэнцыі, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта зазначыў, што краіны, якія раней правялі структурныя рэформы, сёння растуць. "Тэмпы росту эканомік усіх краін зблізіліся, падзенне цэн на энергарэсурсы пазбавіла многіх дадатковых даходаў. Усе, хто прыстасаваўся да гэтай сітуацыі і правёў рэформы, растуць", — канстатаваў Снапкоў. 

За кошт рэформ развітым краінам удаецца пазбегнуць лавушкі рэцэсіі, дадаў ён. "Разам з тым СНД, паводле прагнозаў МВФ, будзе самым марудна растучым рэгіёнам у свеце" — сказаў Мікалай Снапкоў. 

Новую пяцігодку "мы пачынаем з самым высокім узроўнем знешняга доўгу", і таму не можам разлічваць на эканамічны рост за кошт знешняга фінансавання, зазначыў намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі. 

Ён таксама зазначыў, што ў апошнія гады Беларусь заставалася сыравінным рэгіёнам: "Наш рост ВУП залежаў ад цаны барэля нафты". 

Паводле слоў Снапкова, беларускай эканоміцы неабходна адыходзіць ад традыцыйнай мадэлі, структурныя пераўтварэнні павінны быць накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці эканомікі. 

У сувязі з гэтым намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта заклікаў удзельнікаў канферэнцыі узяць удзел у выпрацоўцы эфектыўных рашэнняў, якія лягуць у аснову эканамічнай праграмы ўлад на новую пяцігодку. 

"Адзіная эканамічная праграма — важны элемент, які мы павінны выпрацаваць і рэалізаваць у найбліжэйшыя гады", — падкрэсліў Мікалай Снапкоў.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 3 лістапада 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/238/33150
Текущая дата: 16.11.2024