Белорусский портал в Казахстане

Нацыянальны банк Беларусі да 2020 года плануе перайсці на інфляцыйнае таргетаванне



Аб гэтым заявіў 4 лістапада намеснік старшыні праўлення рэгулятара Дзмітрый Калечыц на канферэнцыі "Эканоміка Беларусі: зноў перад выбарам".

"У наступныя гады мы па меры павышэння значнасці працэнтнага канала плануем пераход да інфляцыйнага таргетавання. Галоўным інструментам у гэтым працэсе стане працэнтная стаўка, працэнтная палітыка", - адзначыў Дзмітрый Калечыц.

Паводле яго слоў, стаўка рэфінансавання павінна з`яўляцца базавым інструментам рэгулявання ўзроўню працэнтных ставак на грашовым рынку і служыць асновай для ўстанаўлення працэнтных ставак на дэпазітна-крэдытным рынку.

Дзмітрый Калечыц канстатаваў, што для пераходу да інфляцыйнага таргетавання неабходна выконваць шэраг умоў, у тым ліку накіраваных на павышэнне значнасці працэнтнага канала. "Ёсць скажальныя элементы - скажам, структурныя элементы ў нашай эканамічнай сістэме. Перш за ўсё, гэта пытанні, звязаныя з маштабам дзяржаўнага рэгулявання эканамічных працэсаў, пытанні адміністрацыйнага цэнаўтварэння, змянення прынцыпаў дзяржаўнага пераразмеркавання фінансавых рэсурсаў", - растлумачыў ён.

Дзмітрый Калечыц адзначыў, што ў цэлым гэта зніжае эфектыўнасць манетарнай палітыкі, асабліва ў частцы выкарыстання працэнтнай стаўкі ў якасці важнейшага інструмента манетарнай палітыкі.

Яшчэ адным важным элементам Дзмітрый Калечыц назваў зніжэнне даларызацыі эканомікі, крэдытаў і дэпазітаў банкаўскай сістэмы.

"Цяпер істотна даларызавана велічыня актываў банкаўскага сектара, яна ў значнай ступені зніжае дзеянне працэнтнага канала, нашых працэнтных сігналаў, таму рух у гэтым напрамку з`яўляецца для нас адным з прыярытэтных з пункту гледжання пераўтварэнняў", - растлумачыў ён.

Акрамя таго, паводле яго слоў, неабходна мець дастатковую ступень фінансавай стабільнасці, каб манетарная палітыка была арыентавана на дасягненне пэўнага паказчыка інфляцыі.

Важным элементам Дзмітрый Калечыц назваў і развіццё фінансавых рынкаў, каб манетарная палітыка магла праходзіць з выкарыстаннем рыначных інструментаў, каб яе правядзенне не ўскладнялася слабасцю інфраструктуры фінансавага рынку.

4 лістапада 2015, Мінск
Юлія Огнева - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/238/33167
Текущая дата: 16.11.2024