Белорусский портал в Казахстане

Калегія ЕЭК ухваліла інтэграцыйныя меры па павышэнні ўстойлівасці эканомік дзяржаў — членаў ЕАЭС



Пра гэта паведаміла прэс-служба ЕЭК.

Калегія Еўразійскай эканамічнай камісіі ўхваліла інтэграцыйныя меры па павышэнні ўстойлівасці эканомік дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). 

Рашэнне прынятае 17 лістапада на аснове праекта даклада "Аб інтэграцыйных мерах па павышэнні ўстойлівасці эканомік дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза", пададзенага міністрам па асноўных кірунках інтэграцыі і макраэканоміцы ЕЭК Таццянай Валавой. Дакумент быў распрацаваны паводле распараджэння Еўразійскага міжурадавага савета.

"Задачай даручэння, атрыманага камісіяй, з`яўляецца не пошук прапаноў, на рэалізацыю якіх ўсе згодныя тут і цяпер: з улікам крызісных працэсаў мер, якія б адназначна задавольвалі ўсіх, можа і не быць. Наш дакумент скіраваны на распрацоўку сярэдне- і доўгатэрміновых мер і механізмаў", — адзначыла Валавая.

У дакладзе ўтрымліваюцца прапановы аб рэгіянальных механізмах забеспячэння макраэканамічнай устойлівасці, у тым ліку аб паглыбленні супрацоўніцтва ў сферах макраэканамічнай і валютна-фінансавай палітыкі.  

Адна з ключавых прапаноў камісіі — прымяненне інфляцыйнага таргетавання ў краінах ЕАЭС. Адзіная мэта па інфляцыі падтрымае празрыстасць правядзення палітыкі нацыянальных (цэнтральных) банкаў, будзе садзейнічаць зніжэнню прэмій за рызыку ў ЕАЭС, у тым ліку для знешніх інвестараў. Пры ўтрыманні інфляцыі ў краінах саюза на адным узроўні рэальныя працэнтныя стаўкі ў дзяржавах-членах пачнуць канвергаваць да блізкіх узроўняў. Пры больш нізкай прэміі за рызыку рэальныя стаўкі будуць яшчэ ніжэйшымі, што дапаможа застрахавацца ад сярэднетэрміновых спекуляцыйных адтокаў і прытокаў капіталаў унутры ЕАЭС. 

Адзначаецца, што рэалізацыя комплексу прапаноў ЕЭК сумесна з урадамі, цэнтральнымі (нацыянальнымі) банкамі дзяржаў — членаў ЕАЭС разлічаная на сярэдне- і доўгатэрміновую перспектыву. Гэта будзе садзейнічаць павышэнню кіраванасці інфляцыйных чаканняў, дэдаларызацыі эканомік і росту даверу да нацыянальных валют, стабілізацыі макраэканамічных паказчыкаў дзяржаў — членаў ЕАЭС, а таксама паляпшэнню бізнес-клімату і росту ўзроўню жыцця насельніцтва.

Пры падрыхтоўцы прапаноў ЕЭК праведзены комплексны аналіз сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржаў-членаў у 2015 годзе; нацыянальных антыкрызісных мер, прынятых у краінах саюза ў 2014—2015 гадах; прынятых Вышэйшым Еўразійскім эканамічным саветам асноўных арыенціраў макраэканамічнай палітыкі на 2015—2016 гады, якія маюць антыкрызісную скіраванасць, і прагнозу камісіі сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржаў-членаў на перыяд 2016—2018 гадоў.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 17 лістапада 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/238/33272
Текущая дата: 27.12.2024