Белорусский портал в Казахстане

Мінэканомікі Беларусі абнародавала шэсць элементаў структурных рэформ



Днём раней памочнік прэзідэнта па эканамічных пытаннях Кірыл Руды заявіў, што ў 2016 годзе рэформ не будзе, і назваў тры прычыны: адсутнасць у грамадстве запыту на рэформы, наяўнасць грошай у краіне і адсутнасць знешніх стымулаў.

Дарожная карта па структурным рэфармаванні эканомікі прадугледжвае шэсць кірункаў рэформ, паведаміў першы намеснік міністра эканомікі Аляксандр Забароўскі 4 лістапада на канферэнцыі "Эканоміка Беларусі: зноў перад выбарам".

Ён нагадаў, што "дарожная карта" была распрацаваная ўрадам сумесна з Сусветным банкам, і там "сфармуляваны парадак дня структурнай трансфармацыі эканомікі на доўгатэрміновую перспектыву".

Паводле слоў Забароўскага, першым элементам рэформ, акрэсленых у "дарожнай карце", выступаюць меры, накіраваныя на забеспячэнне макраэканамічнай збалансаванасці.

"У 2015 годзе, базіруючыся на "дарожнай карце", мы ўжо дабіліся важнага выніку: Беларусь выйшла на лепшыя паказчыкі плацежнага балансу. Дэфіцыт наяўнага рахунку плацежнага балансу склаў 1,3% ВУП у студзені—жніўні — такі дэфіцыт нармальна фінансуецца на бездаўгавой аснове", — сказаў Забароўскі.

Другі элемент "дарожнай карты" структурных рэформ — павышэнне эфектыўнасці размеркавання фінансавых рэсурсаў.

"Дырэктыўнае крэдытаванне па нярыначных стаўках скарачаецца, і адначасова з гэтым павялічваецца доля тых рэсурсаў, якія выдаюцца на камерцыйных прынцыпах. З 2016 года будзе наведзены ідэальны парадак з адміністраваннем і паслядоўным скарачэннем нярыначных крэдытаў", — сказаў Забароўскі.

Трэці элемент структурных рэформ, якія маюць намер рэалізаваць улады, — трансфармацыя сектара дзяржпрадпрыемстваў. Чыноўнік зазначыў, што сёння ўжо менш як 50% дададзенага кошту генерыруецца прадпрыемствамі, кантрольны пакет акцый якіх належыць дзяржаве.

"Для трансфармацыі дзяржсектара будзе рэалізаваная мнагамерная стратэгія, якая ўключае скарачэнне дзяржпадтрымкі, аказанне яе на рыначных прынцыпах, а таксама рэструктурызацыя неэфектыўных прадпрыемстваў", — растлумачыў Забароўскі.

Чацвёрты кірунак структурных рэформ — садзейнічанне росту і развіццю прыватнага сектара. Гаворка, паводле слоў прадстаўніка Мінэканомікі, ідзе аб стварэнні спецыяльных праграм даступнага крэдытавання для стартапаў.

Пяты кірунак рэформ — садзейнічанне стварэнню дынамічнага рынку працы для павышэння эфектыўнасці размеркавання працоўных рэсурсаў. "Ключавая навацыя — пераход да праактыўнай палітыкі: абараняць неабходна не проста працоўныя месцы, а магчымасці людзей атрымліваць даход, у тым ліку на новых ці іншых працоўных месцах", — сказаў Забароўскі.

Шосты кірунак — фарміраванне эфектыўных таварных рынкаў і рынкаў паслуг. "Дэсанапалізацыя і зніжэнне затрат у энергетыцы і ЖКГ павінны быць увязаныя з рэформай тарыфаў. Субсідзіраваць багатых за кошт тарыфаў, якія не пакрываюць затраты, марнатраўна", — зазначыў Забароўскі.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 4 лістапада 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/239/33163
Текущая дата: 26.12.2024