Белорусский портал в Казахстане

Урад Беларусі прымае меры па забеспячэнні своечасовых разлікаў за энергарэсурсы



Унесеныя змяненні і дапаўненні ў пастанову Савета міністраў Беларусі ад 14 лістапада 2002 года № 1578 "Аб дадатковых мерах па арганізацыі бесперабойнага забеспячэння народнай гаспадаркі і насельніцтва рэспублікі энергарэсурсамі".

Як паведамляецца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, дакументам удакладненыя нормы палажэння аб парадку абмежавання або спынення падачы прыроднага газу, электрычнай і цеплавой энергіі спажыўцам, якія не забяспечылі іх своечасовую аплату, зацверджанага названай пастановай.

Так, вызначана, што патрабаванні палажэння ў частцы абмежавання або спынення падачы энергарэсурсаў не распаўсюджваюцца на арганізацыі аховы здароўя і адукацыі, установы сацыяльнага абслугоўвання, суды агульнай юрысдыкцыі, арганізацыі, падпарадкаваныя Міністэрству абароны, Міністэрству ўнутраных спраў, Дзяржаўнаму пагранічнаму камітэту, Дзяржаўнаму мытнаму камітэту.

Устаноўлена, што пры непаступленні ад спажыўца аплаты за энергарэсурсы пасля заканчэння вызначанага палажэннем тэрміну пасля атрымання паведамлення аб абмежаванні ў аднабаковым парадку падачы энергарэсурсаў або аб поўным спыненні іх падачы арганізацыі, якія ажыццяўляюць газа- і энергазабеспячэнне, уводзяць рэжым абмежавання падачы энергарэсурсаў або спыняюць іх падачу шляхам змены ў аднабаковым парадку дагаворных велічыняў спажывання энергарэсурсаў.

Інфармаванне спажыўцоў арганізацыі, якія ажыццяўляюць газа- і энергазабеспячэнне, праводзіцца ў пісьмовай форме, тэлефанаграмай або іншым спосабам, прадугледжаным дагаворам аб газа- або энергазабеспячэнні.

Дакументам у новай рэдакцыі выкладзены пералік спажыўцоў, абмежаванне або спыненне падачы энергарэсурсаў якім робіцца з улікам рашэння рэспубліканскай камісіі па кантролі за ажыццяўленнем разлікаў за прыродны газ, электрычную і цеплавую энергію.

Вызначана, што пры звароце ў названую камісію з хадайніцтвам аб адтэрміноўцы ўводу рэжымаў абмежавання ці спынення падачы падначаленым (якія ўваходзяць у склад, сістэму) спажыўцам энергарэсурсаў кіраўнікі, намеснікі кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і іншых дзяржарганізацый, падначаленых ураду, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў нясуць персанальную адказнасць за прынятыя на сябе абавязацельствы па аплаце гэтымі спажыўцамі спажытых энергарэсурсаў у тэрміны, устаноўленыя рашэннямі камісіі.

Прадугледжана, што з 1 студзеня 2016 года спажывец ажыццяўляе аплату аб`ёмаў энергарэсурсаў, спажытых больш як на 5% звыш аб`ёмаў, змененых арганізацыямі, якія ажыццяўляюць газа- і энергазабеспячэнне, у аднабаковым парадку адносна дагаворных велічыняў спажывання энергарэсурсаў і пацверджаных паказаннямі сродкаў (прыбораў) уліку расходу энергарэсурсаў, з прымяненнем павышальнага каэфіцыента 1,5 к тарыфам на электрычную і (або) цеплавую энергію і (або) цэнам на прыродны газ.

Службовыя асобы спажыўца, што не забяспечылі самастойнае скарачэнне аб`ёму спажывання энергарэсурсаў ці спыненне іх спажывання ў згаданы ў паведамленні тэрмін, перашкаджаюць арганізацыям, якія ажыццяўляюць газа- ці энергазабеспячэнне, у рэалізацыі дзеянняў па прымусовым абмежаванні ці спыненні падачы энергарэсурсаў, нясуць персанальную адказнасць.

Пастанова Савета міністраў ад 21 кастрычніка 2015 года № 881 зарэгістраваная ў Нацыянальным рэестры прававых актаў 23 кастрычніка, яе асноўныя палажэнні набываюць моц пасля афіцыйнага апублікавання дакумента.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 25 кастрычніка 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/240/33047
Текущая дата: 26.12.2024