Кітайскі фондавы індэкс Shanghai Composite абваліўся ў панядзелак, 27 ліпеня, на 8,5%.
Гэта стала другім па памеры падзеньнем паказчыка з часу яго зьяўленьня ў 1990 годзе і максымальным з лютага 2007 году, паведамляе агенцтва РБК са спасылкай на Financial Times.
Паводле брытанскага выданьня, абвалу спрыяў актыўны распродаж акцыяў пасьля таго, як намаганьні ўраду па стабілізацыі фондавага рынку Кітаю пацярпелі няўдачу.
Рэзкае падзеньне прадэманстравалі і іншыя фондавыя індэксы краіны. Індэкс Шэньчжэньской фондавай біржы Shenzhen Composite зьнізіўся на 7%, а ChiNext, які лічыцца кітайскім аналягам NASDAQ, — на 7,4%. Акцыі страхавой кампаніі China Life Insurance, аднаго з найбуйнейшых кітайскіх банкаў Bank of Communications і найбуйнейшай вуглездабыўнай кампаніі краіны China Shenhua Energy абваліліся да максымальнага дзённага ліміту ў 10%.
Нафтагазавая карпарацыя PetroChina, якая зьяўляецца найбуйнейшай у Кітаі па рынкавай капіталізацыі, страціла 9,6% свайго кошту, а найбуйнейшы камэрцыйны банк — Industrial and Commercial Bank of China — 5,3%. Усяго ў панядзелак на Шанхайскай біржы ўпалі акцыі 1700 эмітэнтаў, а вырасьлі — усяго 78.
У сярэдзіне чэрвеня 2015 году на кітайскім фондавым рынку пачаўся абвал пасьля бесьперапыннага росту на працягу 935 дзён. Да канца месяца рынкавая капіталізацыя акцыяў, якія гандлююць на Шанхайскай біржы, зьменшылася на 3,9 тральёна даляраў.
Народны банк Кітаю, вылучыў на падтрымку фондавага рынку амаль 42 мільярды даляраў. Акрамя таго, кітайскія ўлады ўвялі паўгадавую забарону на продаж каштоўных папераў публічных кампаніяў акцыянэрамі, якія валодаюць пакетамі памерам вышэй за 5%, і часова забаранілі біржавыя таргі паперамі дзяржкампаніяў. У выніку прынятых мераў індэкс Шанхайскай біржы аднавіў рост, падняўшыся на 16% ад мінімуму, зафіксаванага ў пачатку ліпеня. Як адзначае Financial Times, нягледзячы на рост кітайскай эканомікі на 7% у другім квартале 2015 году, яе пэрспэктывы выклікаюць заклапочанасьць.
У пятніцу, 24 ліпеня, быў выпушчаны агляд прамысловай вытворчасьці КНР, які паказаў, што прамысловасьць Кітаю працягвае перажываць спад.
Радыё Свабода, 27 ліпеня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/247/32150
Текущая дата: 26.12.2024