Белорусский портал в Казахстане

Намеснік кіраўніка МЗС Гур`янаў: Тэхнічна Беларусь гатова далучыцца да СГА за год



Тэхнічныя пытанні аб далучэнні Беларусі да Сусветнай гандлёвай арганізацыі могуць быць завершаны за год, калі не будзе ўмешвацца палітыка, заявіў Аляксандр Гур`янаў 16 ліпеня ў Мінску.

Намеснік міністра замежных спраў Беларусі адзначыў, што ўсе партнёры Беларусі па Еўразійскім эканамічным саюзе ўжо далучыліся да СГА. "У Казахстана перамовы ўжо завершаны, — падкрэсліў Гур`янаў. — Ёсць пытанні, якім чынам будуць улічвацца абавязацельствы Казахстана па Еўразійскім эканамічным і Мытным саюзах. Нам неабходна сур`ёзна пагаварыць на ўзроўні Еўрапейскай эканамічнай камісіі". 

Паводле яго слоў, Беларусь атрымала сігнал аб гатоўнасці СГА "больш часу прысвяціць беларускаму пытанню". "Спадзяемся, што актывізуецца праца рабочай групы па далучэнні Беларусі, — сказаў Гур`янаў. — Усе разумеюць, што нельга адну краіну — удзельніцу буйнога эканамічнага аб`яднання трымаць па-за СГА". 

Пры гэтым, падкрэсліў Гур`янаў, Беларусь разлічвае на падтрымку сваіх калег па ЕАЭС. 

Беларусь падала заяўку на ўваходжанне ў СГА яшчэ ў 1993 годзе. У чэрвені 2009-га Беларусь, Казахстан і Расія раптоўна аб`явілі аб уваходжанні ў СГА адзінай мытнай тэрыторыяй. Усе тры краіны прыпынілі двухбаковыя перамовы аб далучэнні да арганізацыі на час правядзення кансультацый па фарміраванні адзінай пазіцыі Мытнага саюза. Аднак ужо ў кастрычніку 2009 года было заяўлена, што Беларусь, Казахстан і Расія адновяць перамовы аб далучэнні да СГА паасобку, але на ўзгодненых пазіцыях. Расія стала членам СГА ў жніўні 2012 года.

У кастрычніку таго ж года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што вострая неабходнасць уваходжання Беларусі ў СГА адпала пасля ўваходжання туды Расіі. "Мы фактычна працаваць будзем у межах Сусветнай гандлёвай арганізацыі, асабліва маю на ўвазе, што Расія — наш асноўны партнёр. Таму, можа быць, нават і лепш, што мы паступова прывыкнем да гэтых норм Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Ад гэтага нікуды нам не дзецца. Мы не можам адгарадзіцца ад усяго свету, маючы такую эканоміку экспартна арыентаваную, і мы залежым ад усяго свету, таму нам рана ці позна прыйдзецца ўвайсці ў СГА", — сказаў ён у інтэрв`ю міждзяржаўнай тэлекампаніі "Мір" .

Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь ужо даўно спрабуе ўвайсці ў СГА. "Мы правялі перамовы, але сутыкнуліся з палітычнай агароджай. Нам кажуць, што гэта чыста гандлёвая, эканамічная арганізацыя — Сусветная гандлёвая арганізацыя. Нічога падобнага. Палітыка тут прэвалюе. І палітычную агароджу гэту выбудавалі перад намі Еўрасаюз і Злучаныя Штаты Амерыкі па вядомых вам прычынах: у нас няма правоў чалавека, у нас апошняя апора дыктатуры там і гэтай далей і да таго падобнае", — заявіў Лукашэнка. 

У пачатку 2013 года Аляксандр Гур`янаў паведаміў, што Беларусь адновіць перамовы аб уваходжанні ў СГА ў сакавіку—красавіку. Ён патлумачыў, што перапынак у перамовах быў звязаны са зменай старшыні рабочай групы па ўваходжанні Беларусі ў СГА. "Дакументарны аб`ём працы, даволі істотны, мы зрабілі", — сказаў ён.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 16 ліпеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/248/31990
Текущая дата: 26.12.2024