У Беларусі няма праблем з выгаднымі крэдытамі ў выніку апошніх дамоўленасцей, у тым ліку з Кітаем, заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 4 чэрвеня на беларуска-індыйскім бізнес-форуме.
"У наш няпросты час вельмі многія прадпрымальнікі, бізнесмены, кіраўнікі буйных прадпрыемстваў гавораць аб крэдытаванні, фінансаванні больш выгадным і льготным, — сказаў Лукашэнка. — У выніку нашых апошніх візітаў і дамоўленасцей у Азіяцкім рэгіёне, з Кітайскай Народнай Рэспублікай, Пакістанам, Індыяй, раней В`етнамам і іншымі дзяржавамі праблем з крэдытамі няма. І гэта вельмі выгадныя крэдыты".
У прыватнасці, ён нагадаў, што падчас нядаўняга візіту ў Мінск кіраўніка Кітая Сі Цзіньпіна дасягнута дамоўленасць аб выдзяленні Беларусі крэдытаў на суму 7 млрд. долараў. "Гэта ў дапаўненне да раней атрыманых 15 млрд. долараў", — сказаў Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўсе крэдытныя сродкі павінны выкарыстоўвацца для рэалізацыі эфектыўных праектаў. Ён паведаміў, што прыняў рашэнне не падзяляць прадпрыемствы на дзяржаўныя і прыватныя ў пытанні атрымання крэдытаў. "Усе маюць права і могуць атрымаць гэтыя крэдыты пад развіццё вытворчасці", — адзначыў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, упершыню ў гісторыі Беларусі "створаны такія ўнікальныя ўмовы для працы бізнесу". Пры гэтым Лукашэнка адзначыў недахоп праектаў. "Скажу шчыра, іх проста не хапае сёння, — заявіў Лукашэнка. — Таму што ўзмацнілася жорсткасць падыходу да іх, і проста так, без усялякіх гарантый, вырабляць і на склад складваць прадукцыю ў наш час справа кепская. Таму ёсць добры праект — будзем падтрымліваць, будзем фінансаваць".
Кіраўнік дзяржавы таксама заявіў, што беларускія і індыйскія кампаніі, якія рэалізуюць сумесныя праекты, атрымаюць яго падтрымку. "Прыехала вялікая група вядучых бізнесменаў Індыі, якая з`яўляецца адным з лідараў эканамічнага развіцця ў свеце, гэта гіганцкая імперыя, якая валодае каласальнымі магчымасцямі і рэсурсамі. Што яшчэ трэба для беларускіх бізнесменаў, каб развіваць свой бізнес і актыўна працаваць? Калі патрэбна дадатковая падтрымка для беларускіх кампаній і індыйскіх — вы такую падтрымку заўсёды атрымаеце. І перш за ўсё ад мяне", — сказаў Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што для індыйскіх кампаній у Беларусі створаны ўмовы "як для самых лепшых сяброў".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 4 чэрвеня 2015
Мінск, 4 чэрвеня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/250/31278
Текущая дата: 15.11.2024