Белорусский портал в Казахстане

Беларусь не прымае такі падыход, які прадугледжвае абавязковы выбар паміж Захадам і Усходам



Аб гэтым заявіў 21 траўня першы намеснік міністра эканомікі Беларусі Аляксандр Забароўскі.

"Дылема, якую нам навязваюць, - Захад або Усход, Расія або Брусель - гэта падыход часоў халоднай вайны, блокавай свядомасці. Для Беларусі такі падыход непрымальны. Мы гатовы развівацца і супрацоўнічаць з тымі, хто хоча з намі супрацоўнічаць", - сказаў першы намеснік міністра.

Аляксандр Забароўскі дадаў, што з еўрапейскімі партнёрамі абмяркоўваліся перспектывы развіцця транзітнага патэнцыялу. Маецца на ўвазе транзіт менавіта беларускай прадукцыі. "Гэта прадукты, якія будуць вырабляцца ў Беларусі, напрыклад беларуска-кітайскі індустрыяльны парк", - удакладніў ён.

На думку Аляксандра Забароўскага, развіваючы супрацоўніцтва з Кітаем, Беларусь становіцца больш цікавай для еўрапейцаў. "Вельмі шмат еўрапейскіх кампаній выказалі інтарэс развіваць супрацоўніцтва ў лагістыцы, у новых праектах менавіта таму, што ў нас вялікі праект індустрыяльнага парка", - сказаў першы намеснік міністра.

Прадстаўнік кіраўніцтва Мінэканомікі падкрэсліў, што ў цяперашніх умовах трэба лічыць прыярытэтам прагматычны эканамічны складнік супрацоўніцтва. "У час, калі расце рызыка ў цэлым эканамічнай сітуацыі, калі запавольваюцца рынкі, ідуць непрадказальныя ваганні абменных курсаў валют, мы павінны разумець, што менавіта ствараючы ўмовы для работы бізнесу, у працэсе дыялогу, мы можам, адказваючы на эканамічныя выклікі разам, зрабіць наш агульны еўрапейскі дом канкурэнтаздольным. Гэта асноўны наш складнік - прагматызм эканамічных адносін і эфектыўнасць. Мы рады, што еўрапейскія калегі абсалютна гэтак жа ацэньваюць эканамічную кампаненту", - сказаў Аляксандр Забароўскі.

Акрамя таго, ён адзначыў, што беларуская дэлегацыя на бізнес-форуме ініцыятывы "Усходняе партнёрства", які праходзіць сёння ў Рызе, - адна з самых шматлікіх і налічвае больш як 30 чалавек. Гэта прадстаўнікі бізнес-саюзаў і буйных кампаній, у тым ліку ІТ-сектара.

БЕЛТА, 21 траўня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/252/31085
Текущая дата: 15.11.2024