Белорусский портал в Казахстане

Мінпрыроды распрацоўвае прапановы па павышэнні інвестыцыйнай прывабнасці сферы перапрацоўкі адходаў



Аб гэтым паведаміла 3 чэрвеня ў час цырымоніі адкрыцця завода па перапрацоўцы вуглевадародзмяшчальных адходаў у пасёлку Крупскі Мінскай вобласці першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна.

"Нам хацелася б прыцягваць больш інвестыцый у сферу перапрацоўкі адходаў. І ў цэлым мы маем намер у бліжэйшай перспектыве ўнесці кіраўніку дзяржавы шэраг прапаноў, у тым ліку па спрашчэнні ўтылізацыі асобных відаў адходаў, а таксама па выпрацоўцы стратэгіі дзяржаўнага кіравання адходамі. Спадзяёмся, што з дапамогай нашых прапаноў зробім гэту сферу больш прывабнай для бізнесу", - адзначыла Ія Малкіна.

Яна падкрэсліла, што ў заканадаўстве праблем няма. "Пытанне ў тым, што не заўсёды наш бізнес належным чынам рэагуе на тыя забароны і абмежаванні, якія ўстаноўлены дзеючым заканадаўствам", - растлумачыла яна.

Гаворачы аб плануемых інвестыцыйных праектах у сферы перапрацоўкі адходаў, першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя расказала, што разглядаецца пытанне па стварэнні вытворчасці па перапрацоўцы медыцынскіх адходаў недалёка ад Мінска. "Плануецца, што гэта будзе прадпрыемства, дзе замежныя інвестыцыі складуць 100 працэнтаў. Праект на стадыі прапрацоўкі. Інтарэс да яго выказалі, напрыклад, латвійскія калегі. Нядаўна мы правялі перагаворы з прадстаўнікамі латвійскага бізнесу. Яны ў тым ліку прапанавалі прапрацаваць магчымасць сумеснага праекта па ўтылізацыі медыцынскіх адходаў, а таксама стойкіх арганічных забруджвальнікаў", - паведаміла Ія Малкіна.

Паводле яе слоў, з`яўленне новага прадпрыемства па перапрацоўцы медыцынскіх адходаў каля Мінска - справа бліжэйшых гадоў. Як прыклад паспяховай рэалізацыі інвестпраектаў у сферы перапрацоўкі адходаў Ія Малкіна назвала завод у пасёлку Крупскі. "Гэта добры ўзор для далейшага развіцця сферы перапрацоўкі адходаў", - канстатавала яна.

Сёння ў пасёлку Крупскі адкрыўся завод па перапрацоўцы вуглевадародзмяшчальных адходаў. Гэты ўнікальны для краін СНД высокатэхналагічны комплекс па зборы і перапрацоўцы адходаў адпрацаваных масел магутнасцю не менш як 15 тыс. т у год створаны пры рэалізацыі інвестыцыйнага дагавора паміж Мінпрыроды і кампаніямі MDD BEL LTD і ЗТАА "ДВЧ-Менеджмент". Аб`ём прамых замежных інвестыцый у рэалізацыю праекта склаў больш як $20 млн.

3 чэрвеня 2015, Крупскі раён
Святлана Міховіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/252/31249
Текущая дата: 27.12.2024