Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 6 мая ўхвалілі рэзанансны дэкрэт прэзідэнта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства".
Як зазначыла, прадстаўляючы дакумент, міністр працы і сацыяльнай абароны Мар`яна Шчоткіна, дэкрэт "сведчыць аб сацыяльнай адказнасці грамадзян за фінансаванне дзяржаўных расходаў". "Не трэба прычэпліваць ярлыкі "дармаеды". Чалавек добраахвотна кажа, што не браў удзел у расходах і заплаціў пэўную суму. Ён такі ж грамадзянін, як і ўсе", — падкрэсліла міністр.
Адной з мэтаў дэкрэта Шчоткіна назвала легалізацыю працоўнай дзейнасці. "Размова не ідзе пра тое, каб напоўніць бюджэт грашыма. Размова ідзе пра тое, каб чалавек браў удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў", — сцвярджае яна.
Міністр таксама паведаміла, што будзе праводзіцца маніторынг зваротаў грамадзян па дэкрэце. "Пакуль праца насіла, хутчэй, растлумачальны характар. Канструктыўных прапаноў не паступала", — зазначыла яна.
Паводле слоў Шчоткінай, дэкрэт ужо дае станоўчы эфект: за першы квартал у службы занятасці звярнуліся больш як 16 тысяч грамадзян, якія доўгі час не працавалі.
Нагадаем, згодна з дэкрэтам грамадзяне Беларусі, а таксама замежныя грамадзяне, які пастаянна жывуць у краіне, і асобы без грамадзянства, якія не бяруць удзел у фінансаванні дзяржрасходаў або ўдзельнічаюць у такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні на год, павінны выплачваць збор у 20 базавых велічыняў (сёння гэта 3 млн. 600 тыс. рублёў).
Паводле ацэнак экспертаў, сёння налічваецца каля 400 тысяч чалавек, якіх улады могуць аднесці да "сацыяльных утрыманцаў".
Дэкрэт выклікаў неадназначнае стаўленне ў грамадстве і вострую крытыку з боку незалежных экспертаў, якія назвалі яго "класічным прыкладам выкарыстання прымусовай працы".
Аналітыкі таксама папярэджваюць аб сур`ёзных выдатках выканання дэкрэта — паводле іх ацэнак, затраты на працу чыноўнікаў і міліцыі будуць большыя, чым паступіць сродкаў ад самога збору.
Апрача таго, ёсць апасенне, што ўлады могуць прымяняць палажэнні дэкрэта ў дачыненні да актывістаў грамадзянскай супольнасці як яшчэ адзін элемент уздзеяння на тых, хто нязгодны з уладай.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 6 мая 2015
Мінск, 6 мая 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/254/30893
Текущая дата: 15.11.2024