Белорусский портал в Казахстане

У Савеце ААН па правах чалавека адзначылі дасягнуты Беларуссю прагрэс у сацыяльна-эканамічнай сферы



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе знешнепалітычнага ведамства.

Дэлегацыя Беларусі на чале з намеснікам міністра замежных спраў Валянцінам Рыбаковым прыняла ўдзел у 22-й сесіі Рабочай групы па ўніверсальным перыядычным аглядзе (УПА) у Савеце ААН па правах чалавека ў Жэневе ў час праходжання Беларуссю другога цыкла УПА. 

Валянцін Рыбакоў прадставіў нацыянальны даклад, адзначыўшы, што ён быў падрыхтаваны ў цесным партнёрстве з грамадскімі аб`яднаннямі Беларусі. Напісанню даклада папярэднічалі чатыры раўнды нацыянальных кансультацый, у якіх разам з прадстаўнікамі дзяржорганаў прынялі ўдзел прадстаўнікі больш як 50 беларускіх грамадскіх аб`яднанняў, дзейнасць якіх звязана з тэматыкай правоў чалавека. "У дыскусіі па УПА Беларусі прынялі ўдзел 100 дзяржаў - членаў ААН, якія адзначылі дасягнуты нашай краінай прагрэс у сферы выканання рэкамендацый першага цыкла УПА, у першую чаргу ў сацыяльна-эканамічнай сферы, датэрміновае дасягненне Беларуссю мэт развіцця тысячагоддзя, а таксама ўмацаванне супрацоўніцтва Беларусі з праваабарончымі механізмамі ААН, уключаючы дагаворныя органы і спецпрацэдуры, актыўную сумесную дзейнасць з Упраўленнем Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека", - адзначылі ў прэс-службе.

УПА - механізм, створаны ў мэтах агляду сітуацыі з правамі чалавека ва ўсіх краінах свету без выключэння, а таксама ступені рэалізацыі дзяржавамі ўсяго спектра правоў чалавека - эканамічных, палітычных, сацыяльных, грамадзянскіх і культурных. Краіны праходзяць агляд адзін раз у чатыры з паловай года. Першы цыкл УПА Беларусь прайшла ў маі 2010 года.

У ходзе 22-й сесіі Рабочай групы па ўніверсальным перыядычным аглядзе ў Савеце ААН па правах чалавека, якая праходзіць у Жэневе з 4 па 15 мая, другі цыкл УПА таксама пройдуць Андора, Балгарыя, Гандурас, Ліберыя, Лівія, Малаві, Манголія, Мальдыўскія астравы, Маршалавы астравы, Панама, ЗША, Харватыя, Ямайка.

5 мая 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/255/30847
Текущая дата: 28.12.2024