Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody`s панізіла доўгатэрміновы рэйтынг дзяржаўных аблігацый Беларусі да ўзроўню Сааl (раней — В3).
Прынятае рашэнне агенцтва тлумачыць шэрагам акалічнасцяў: зніжэннем магчымасцяў краіны абслугоўваць пазыковыя абавязацельствы, няўстойлівасцю існай у краіне эканамічнай мадэлі.
Паводле ацэнак Moody`s, дэфіцыт рахунку бягучых аперацый Беларусі можа скласціся на ўзроўні 7% ВУП у 2015 годзе і 4,2% ВУП у 2016 годзе.
У той жа час, адзначаюць аналітыкі агенцтва, Беларусь чакаюць вялікія выплаты па дзярждоўгу, якія сёлета складуць прыблізна 4 млрд. долараў і захаваюцца на значным узроўні ў наступныя гады.
"Нават калі Беларусь выканае свае абавязацельствы па абслугоўванні дзярждоўгу ў 2015 годзе, слабасць плацежнага балансу краіны захаваецца", — прагназуюць аналітыкі Moody`s.
Агенцтва таксама звяртае ўвагу, што магчымасці краіны прыцягваць запазычанні сёння ніжэйшыя, чым раней. "Адна з асноўных прычын такога становішча заключаецца ў тым, што Расія мае менш магчымасцяў для падтрымкі Беларусі, улічваючы, што сама перажывае значны эканамічны спад", — канстатуюць аналітыкі Moody`s.
У той жа час верагоднасць новай праграмы з Міжнародным валютным фондам аналітыкам агенцтва ўяўляецца ў бліжэйшай будучыні малаверагоднай, паколькі Беларусь наўрад ці пойдзе ў 2015 годзе на структурныя рэформы ў эканоміцы, на якіх настойвае фонд.
Нароўні з гэтым Moody`s выказвае асцярогі з нагоды ўстойлівасці беларускай эканамічнай мадэлі. "Устойлівасць эканамічнай мадэлі Беларусі з`яўляецца нявызначанай, паколькі застаецца вельмі адчувальнай да эканамічных шокаў", — гаворыцца ў абгрунтаванні агенцтва да прынятага рэйтынгавага рашэння.
Паводле меркавання аналітыкаў Moody`s, без сур`ёзных структурных рэформ у эканоміцы Беларусь "будзе па-ранейшаму залежаць ад знешняга фінансавання".
Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 18 красавіка 2015
Мінск, 18 красавіка 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/256/30607
Текущая дата: 15.11.2024